БЫЎ. ЁСЦЬ. БУДУ!

З нагоды 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры пры фінансавай падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь выйшла энцыклапедыя “Уладзімір Караткевіч”.

У ёй змешчана каля 1000 артыкулаў, якія расказваюць пра жыццёвы  і творчы шлях Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, пра людзей, якія мелі стасункі з пісьменнікам, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, пра тых, для каго асоба мастака слова стала крыніцай творчага натхнення. Значная частка матэрыялаў – літаратуразнаўчыя артыкулы па раманах, аповесцях, нарысах Караткевіча. Падрабязна разгледжана сістэма мастацкіх сродкаў яго твораў.  Ёсць артыкулы пра месцы, дзе бываў У. Караткевіч, сустракаўся з сябрамі, натхняўся на новыя творы. У выданні шмат ілюстрацый: фотаздымкі з архіваў Беларусі і асабістых архіваў аўтараў артыкулаў, рэпрадукцыі  жывапісных і графічных работ, прысвечаных асобе Уладзіміра Караткевіча і звязаных з мясцінамі, дзе ён бываў.

Змешчаныя ў энцыклапедыі артыкулы могуць стаць тэмай для падрыхтоўкі магістарскіх, кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, дыпломных і курсавых работ студэнтаў, дадатковым матэрыялам для настаўнікаў і вучняў пры падрыхтоўцы да ўрокаў літаратуры. Выданне будзе карысным для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры і культуры.

Энцыклапедыя падрыхтавана сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, музеем У. Караткевіча ў Оршы, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва,  БДУ, БДПУ імя М.Танка, Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна, Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М. Машэрава, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Я. Купалы, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны, Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А. Куляшова, МДПУ імя І.П. Шамякіна, Полацкім дзяржаўным універсітэтам. 

Сярод членаў рэдкалегіі і аўтараў – выкладчыкі ГДУ імя Францыска Скарыны: Іван Фёдаравіч Штэйнер, загадчык кафедры беларускай літаратуры, прафесар, доктар філалагічных навук;   Анжэла Мікалаеўна Мельнікава, прафесар, доктар філалагічных навук; Вольга Карпаўна Шынкарэнка, прафесар, доктар філалагічных навук і інш.

За вялікі асабісты ўклад у стварэнне персанальнай энцыклапедыі “Уладзімір Караткевіч” І.Ф. Штэйнер атрымаў Падзяку выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

 

А. Палуян, дэкан філалагічнага факультэта




 

2011 БЫЎ. ЁСЦЬ. БУДУ!. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates