“Дзень адчыненых дзвярэй”-2021

3 красавіка 2021 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічала каля 40 вучняў са школ і каледжаў Гомеля (ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 15 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 37 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 55 г. Гомеля”, ДУА “Гімназія № 58 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 67 г. Гомеля”, УА “Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С. Выгоцкага”), Магілёва, Мінска, Калінкавіч, Рагачова, Добрушскага і Жлобінскага раёнаў, некаторыя вучні прыехалі з настаўнікамі і бацькамі. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфіка кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш.

З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта А.М. Палуян, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў. Цікавую сустрэчу з конкурсамі і віктарынамі на інтэрактыўнай пляцоўцы, майстар-клас па напісанні кітайскага іерогліфа “шчасце”, прэзентацыю факультэта падрыхтавала і прадэманстравала ініцыятыўная група студэнтаў у складзе Пархоменка Яўгенія і Кавалёва Антона (БФ-41), Алдакушкінай Ніны і Мінавай Карыны (РФ-21), Кутоўскай Веранікі (РІ-11), Якаўленка Карыны (БФ-11).

Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта, прадэманстравалі майстар-клас па напісанні кітайскага іерогліфа. 

Выкладчык кафедры беларускай літаратуры, дацэнт Т.А. Фіцнер правяла экскурсію па музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.

Загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры, дацэнт І.М. Афанасьеў сустрэў вучняў у літаратурна-асветніцкім цэнтры памяці аб Вялікай Айчыннай вайне “Патрыётыка”, дзе асаблівае ўражанне на вучняў аказаў яго аповед аб захаванні памяці пра герояў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай     вайны, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі Гомельскай вобласці, і заклік збіраць, запісваць успаміны сваіх блізкіх аб падзеях мінулай вайны.

Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі. Чакаем Вас!

 

 

 

 

 

2011 “Дзень адчыненых дзвярэй”-2021. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates