МОВА МАЯ, Я З ТАБОЮ Ў ЖЫЦЦІ ШЧАСЦЕ МАЮ



3 мая2016 г. на філалагічным факультэце прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 70-гадоваму юбілею д.філал.н. прафесара Вольгі Аляксееўны Ляшчынскай.

Вольга Аляксееўна – высокакваліфікаваны даследчык, які актыўна займаецца навуковай і метадычнай работай. Яна аўтар больш за 330 навуковых і метадычных прац, звязаных з пытаннямі лексікалогіі і фразеалогіі сучаснай беларускай мовы, стылістыкі і культуры маўлення, лексікаграфіі, тэрміназнаўства, анамастыкі, лінгвадыдактыкі, лінгвакультуралогіі, у тым ліку манаграфій, вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі, слоўнікаў, шматлікіх артыкулаў, апублікаваных не толькі ў рэспубліканскіх навуковых зборніках і часопісах, але і ў разнастайных замежных выданнях. Сваім прыкладам працаздольнасці, адказнасці за справу, сапраўднай апантанасцю Вольга Аляксееўна натхняе ўсіх нас на творчую працу, актыўны ўдзел у справах кафедры, факультэта, універсітэта.

Кіраўніцтва Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны адзначыла яе плённы ўклад ганаровай граматай і цёплымі словамі за шматгадовую працу ва ўніверсітэце (у гэтым годзе будзе 45 гадоў). Лісты віншаванняў з падзякай за супрацоўніцтва даслалі іншыя ўстановы горада, у тым ліку УА “Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі” і ДУА “Гомельскі абласны інстытутут развіцця адукацыі”.

Шмат добрых, цёплых слоў у свой адрас пачула Вольга Аляксееўна ад сваіх калег, студэнтаў, настаўнікаў – былых яе выпускнікоў.

Кафедра беларускай мовы ў гонар юбілею Вольгі Аляксееўны выдала зборнік навуковых артыкулаў “Мова мая, я з табою ў жыцці шчасце маю…”, у якім змешчаны не толькі навуковыя артыкулы, у якіх асвятляюцца актуальныя праблемы сучаснага мовазнаўства, лінгвадыдактыкі і фалькларыстыкі, літаратуразнаўства, але і віншаванні і артыкулы, прысвечаныя д. філал. н., праф. В.А. Ляшчынскай як асобе, педагогу, вучонаму. Асобна выдзелены бібліяграфічны даведнік асноўных прац В.А. Ляшчынскай.

Члены кафедры беларускай мовы яшчэ раз віншуюць дарагую і любімую Вольгу Аляксееўну з юбілеем і

Ад шчырага сэрца ў Дзень юбілею,
Жадаем мы радасці, светлай надзеі,
Спакою і шчасця ў будні і ў святы,
Хай добрыя весткі прыходзяць у хату.
Жадаем яшчэ мы здароўя і сілы,
Жыццё няхай будзе доўгім, шчаслівым.

 


























2011 МОВА МАЯ, Я З ТАБОЮ Ў ЖЫЦЦІ ШЧАСЦЕ МАЮ. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates