Дзень адчыненых дзвярэй
24 снежня 2016 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічала каля 20 вучняў са школ г. Гомеля (№ 38, 58) і вобласці (Светлагорск, Рагачоў, Рэчыца). Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта У.А. Бобрык, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце А.М. Палуян, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў.
Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта. Вучняў правялі па ўсіх кафедрах, пазнаёмілі са складам выкладчыкаў. Затым вучні наведалі музеі факультэта і выслухалі цікавую і змястоўную інфармацыю.
Загадчык кафедры беларускай літаратуры, прафесар І. Ф. Штэйнер правёў экскурсію вучняў у музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.
Намеснік загадчыка кафедры рускай і сусветнай літаратуры, дацэнт Н. П. Капшай сустрэла вучняў у літаратурна-асветніцкім цэнтры памяці аб Вялікай Айчыннай вайне “Патрыётыка”, дзе паказала і праілюстравала матэрыялы аб захаванні памяці пра герояў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі Гомельскай вобласці.
Загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства прафесар У. І. Коваль паказаў вучням кабінет Канфуцыя, расказаў аб магчымасці, калі яны паступяць на наш факультэт, вывучаць кітайскую мову, даведацца аб гісторыі і культуры Кітая.
Цікавую прэзентацыю факультэта падрыхтавала ініцыятыўная група студэнтаў 4 курса ў складзе Шукаловіч Алены, Целепневай Анастасіі і Клімянковай Кацярыны.
Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі.