Дзень адчыненых дзвярэй-2017
25 сакавіка 2017 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічалі вучні са школ: ДУА “Сярэдня школа №39 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдня школа №67 г. Гомеля”, ДУА “Брылёўская сярэдняя школа”, ДУА “Галавінская сярэдняя школа”, некаторыя вучні прыехалі з настаўнікамі. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта У.А. Бобрык, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце А.М. Палуян, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Воінава А.М., намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў. Цікавую прэзентацыю факультэта падрыхтавала і прадэманстравала ініцыятыўная група студэнтаў групы БФ-42 у складзе Шукаловіч Алены, Целепневай Анастасіі і Клімянкова Кацярыны.
Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта. Вучняў правялі па ўсіх кафедрах, пазнаёмілі са складам выкладчыкаў. Затым вучні наведалі музеі факультэта і выслухалі цікавую і змястоўную інфармацыю.
Загадчык кафедры беларускай літаратуры, прафесар І. Ф. Штэйнер правёў экскурсію вучням у музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.
Загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры, дацэнт І. М. Афанасьеў сустрэў вучняў у літаратурна-асветніцкім цэнтры памяці аб Вялікай Айчыннай вайне “Патрыётыка”, дзе асаблівае ўражанне на вучняў аказаў расказ І. М. Афанасьева аб захаванні памяці пра герояў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі Гомельскай вобласці, і заклікаў збіраць, запісваць успаміны сваіх блізкіх аб падзеях мінулай вайны.
Загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі прафесар В. С. Новак пазнаёміла вучняў з вывучэннем гісторыі культуры Гомельшчыны і ўкладу ўраджэнцаў Гомельшчыны ў развіццё айчыннай і сусветнай навукі, рэгіянальна-лакальнае даследаванне фальклору Гомельшчыны, Гомельска-Бранска-Чарнігаўскага памежжа, праблем узаемадзеяння рознаэтнічных фальклорных традыцый, расказала аб удзеле членаў кафедры і студэнтаў у мерапрыемствах, прысвечаных вывучэнню народнай спадчыны.
Загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства прафесар Коваль У.І. зацікавіў абітурыентаў магчымасцю вывучаць кітайскую мову, расказаў пра перспектывы навучання на спецыяльнасці “Руская філалогія”.
Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі. Чакаем Вас!