Фразеалагізмы як сродак пазнання культуры беларусаў
Студэнты філалагічнага факультэта добра ведаюць, што засваенне пэўнай мовы мовы – гэта найперш авалодванне яе лексічнымі і фразеалагічнымі багаццямі. Ведаюць студэнты і тое, што авалодванне фразеалагічнымі адзінкамі патрабуе не толькі ведання іх структуры і семантыкі, стылістычнай дыферэнцыяцыі і адпаведнага месца і ролі ўжывання, але яшчэ і раскрыцця іх культурнай інфармацыі, як правіла, скрытай за адборам кампанентаў, створаным вобразам.
16 мая 2018 года прафесар кафедры беларускай мовы В. А. Ляшчынская з групай студэнтаў філалагічнага факультэта (гр. БФ-31) арганізавала і правяла чарговую гутарку-апытанне “Што я ведаю пра культуру свайго народа скрозь прызму фразеалагізмаў?” з мэтай выявіць веды і ўменні студэнтаў распазнаваць і характарызаваць фразеалагізмы беларускай мовы (значэнне, тып структуры, суаднесенасць /несуаднесенасць з часцінай мовы, стылістычную дыферэнцыяцыю і функцыянаванне ў маўленні), а яшчэ вызначыць “схаваную” ў вобразах, словах-кампанентах фразеалагізмаў культурную інфармацыю, сімвальнае значэнне, што даводзіць пра светабачанне, светаўспрыманне беларусаў, пра тыя правілы і нормы жыцця, тую станоўчую ці адмоўную ацэнку, якую даносяць фразеалагізмы.
На матэрыяле прапанаваных розных адзінак мовы студэнты выдзялялі фразеалагічныя адзінкі, даказвалі іх прыналежнасць да фразеалагічнага ўзроўня беларускай мовы і вызначалі іх сімвальнае значэнне, “прачытвалі” іх як знакі культуры нашага народа. Асабліва спадабалася студэнтам праверка ведання і ўстанаўлення культурнай інфармацыі фразеалагізмаў на аснове распазнавання самога фразеалагізма па малюнках, прачытання іх правобразаў для ўтварэння фразеалагізмаў як другасных адзінак мовы.
З. У. Шведава