Міжнародны навукова-метадычны семінар
21 сакавіка 2019 года распачаўся Міжнародны навукова-метадычны семінар “Трэнды ў адукацыі”. Саарганізатарамі семінара выступілі:
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны,
Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Францыска Скарыны,
Мелітопальскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Багдана Хмяльніцкага.
Асноўная тэма семінара – выкарыстанне электронных сродкаў навучальнага прызначэння ў працэсе выкладання філалагічных дысцыплін, анлайн-курсы ў падрыхтоўцы капетэнтнага спецыяліста-філолага, медыяграматнасць у сучасным грамадстве.
Міжнародны навукова-метадычны форум праводзіўся на базе філалагічнага факультэта нашай вну і стаў слушным працягам трывалага і плённага супрацоўніцтва кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны з філалагічным факультэтам Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага (Запарожская вобласць, Украіна).
Аб адкрыцці метадычнага форуму аб’явіла дэкан філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны, к.ф.н. дацэнт Алена Мікалаеўна Палуян.
Госці з Украіны – выкладчыкі кафедры ўкраінскай і замежнай літаратуры Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага – кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры Таццяна Міхайлаўна Шарова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры Аліна Віктараўна Зямлянская, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры Сяргей Уладзіміравіч Шароў цікава і займальна распавялі пра ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у працэс прафесійнай падрыхтоўкі будучых філолагаў.
Заяўленая тэма навукова-метадычнага семінара выклікала захапленне не толькі выкладчыкаў і студэнтаў ГДУ імя Ф. Скарыны. Майстар-класы ўкраінскіх і беларускіх калег наведалі прадстаўнікі іншых вну г. Гомеля, аб’ектам навукова-метадычнай дзейнасці якіх з’яўляецца выкладанне філалагічных дысцыплін. У рабоце семінара прымае ўдзел загадчык кафедры замежных моў Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Бароўская Ірына Анатольеўна.
Уласным метадычным вопытам выкладання лінгвістычных дысцыплін падзяліліся з калегамі выкладчыкі ГДУ імя Ф. Скарыны, сярод якіх – доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай мовы Вольга Аляксееўна Ляшчынская, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай мовы Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч.
У рабоце семінара ўдзельнічаюць аспіранты і студэнты Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага.
Ганаровыя граматы, падзякі і сертыфікаты аб удзеле ў семінары ўручыла загадчык кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны к.ф.н. дацэнт Алена Мікалаеўна Воінава.
Навукова-метадычная сустрэча працягнецца да 23 сакавіка.