Купалава слова: Слоўнік мовы Янкі Купалы
7 кастрычніка 2014 года ў Інстытуце рускай мовы імя В.У. Вінаградава РАН (Масква, вул. Валхонка, 18/2) адбылося чарговае пасяджэнне семінара “Тэорыя і практыка аўтарскай лексікаграфіі”, на якім па запрашэнні адміністрацыі Інстытута рускай мовы імя В.У. Вінаградава выступіла доктар філалагічных навук прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы УА “ГДУ імя Ф. Скарыны” Вольга Аляксееўна Ляшчынская з дакладам “Купалава слова: Слоўнік мовы Янкі Купалы”.
Даклад, які традыцыйна на семінарах доўжыцца 45 мінут, а яго абмеркаванне заняло амаль дзве гадзіны, В.А. Ляшчынская прысвяціла асвятленню гісторыі працы над “Слоўнікам мовы Янкі Купалы”, падрыхтоўкі картатэкі, росшукаў твораў Янкі Купалы, распрацоўкі прынцыпаў укладання лексікі паводле прадстаўлення двух тыпаў слоўнікавага матэрыялу, апрацоўкі і пабудовы слоўнікавых артыкулаў і выдання самога слоўніка.
У прыватнасці, было адзначана, што толькі выданне “Слоўніка мовы Янкі Купалы” ў 8 тамах 9 кнігах доўжылася 16 гадоў: 1-ы том быў выдадзены ў 1997, а 7-ы і 8-ы ў дзвюх кнігах – у 2012 годзе.
Але пачатак працы над складаннем “Слоўніка мовы Янкі Купалы” адносіцца да 1975 года, калі загадчык кафедры тады беларускай і рускай моў прафесар У.В. Анічэнка разам з кіраўніцтвам у той час Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН ініцыявалі складанне слоўнікаў мовы двух класікаў беларускай літаратуры і раздзялілі іх паміж двума ўстановамі: падрыхтоўка “Слоўніка мовы Якуба Коласа” замацоўвалася за Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН (дарэчы, які да гэтага часу так і не падрыхтаваны), а складанне “Слоўніка мовы Янкі Купалы” – за супрацоўнікамі кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
“Слоўнік мовы Янкі Купалы”, які спачатку меркаваўся на тры тамы, вырас да 8 тамоў у 9 кнігах і спалучае два тыпы – тлумачальны слоўнік апелятыўнай лексікі (першы – пяты, а таксама сёмы, першая кніга і частка другой кнігі восьмага тома) і тлумачальна-энцыклапедычны слоўнік анамастычнай лексікі (шосты том і частка другой кнігі восьмага).
Лексічныя запасы паэта, адлюстраваныя ў яго 7-і т. збору твораў (1972-1976 гг.), былі зафіксаваны і апрацаны ў першых шасці тамах “Слоўніка мовы Янкі Купалы”. Яны складаюць 20384 слоўнікавыя артыкулы апелятыўнай (1-5 т.) і 1244 слоўнікавыя артыкулы анамастычнай лексікі (6 т.). Лексіка мастацкіх і публіцыстычных твораў, што не ўвайшлі ў свой час у сямітомны збор твораў Купалы і сабраныя складальнікамі слоўніка з розных крыніц (пазней былі ўключаны ў Поўны збор твораў Купалы ў 9-ці тамах 10 кнігах (1995-2003), стала асновай для складання апошніх тамоў: 7 т. – А-І; 8 т., кн. 1 – К-Р; кн. 2 – С-Я на с. 3-412 – тлумачальны слоўнік апелятыўнай лексікі, а на с. 413-484 – А-Я – тлумачэнне анамастычнай лексікі з выкарыстаннем энцыклапедычных звестак пры захаванні прынцыпаў складання слоўніка, прынятых адносна першых шасці тамоў.
Дакладчык засяродзіў увагу на тым, што ў слоўніку знайшлі адлюстраванне словаўтваральныя наватворы паэта, варыянтнасць формаўтварэння, а ўказанне частотнасці ўжывання лексем і іх формаў наглядна ілюструе ўнікальную працу паэта, яго пошукі патрэбнага слова, найбольш ужывальнай формы слова. Асаблівая роля слоўніка ў фіксацыі выяўленых мастаком беларускага слова, які стаяў ля вытокаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, патэнцыяльных магчымасцей лексічных адзінак беларускай мовы, у пашырэнні семантыкі вядомых слоў як уласцівасці іх стану ў мінулымці ці як тэндэнцыі іх развіцця. Напрыклад, дзеяслоў звінець у слоўніку Купалы налічвае 4 значэнні: 1) ‘утвараць тонкі металічны гук’ з указаннем ужывання слова ў пераносным значэнні і розных адценнях (адгукацца, спяваць – птушкі, поўніцца чым-н. звінячым); 2) ‘гучаць, несціся’; 3) ‘шалясцець’; 4) ‘быць, стаяць’, у той час як у тлумачальным слоўніку беларускай мовы ў 5 т. з 6 кніг фіксуецца толькі адно значэнне – ‘утвараць тонкі металічны гук’.
Выяўленыя паэтам семантычныя патэнцыі слоў, адлюстраваныя складальнікамі слоўніка ў выглядзе новых значэнняў, адценняў значэнняў, асабліва выразна праяўляюцца ў паэзіі Купалы, якая, як вядома, спрыяе рэалізацыі моўных патэнцый з прычыны сваёй адметнасці, паколькі паэтычны тэкст скіраваны не столькі на камунікатыўную, а найбольш на эстэтычныю функцыю, тут мае месца арыентацыя на адсутнасць лінейнай падачы формы паэтычнага тэксту і на адметную эмоцыю гэтай формы, больш ярка праяўляецца тэндэнцыя да дэфармацыі моўных знакаў, сэнсавай шматпланавасці паэтычнага слова, імкненне аўтара пераадолець аўтаматызм стварэння і ўспрымання моўных адзінак.
Паэт, выкарыстоўваючы запасы дыялектнай мовы, вуснай творчасці свайго народа, стварыў непаўторныя паэтычныя тэксты, у якіх арыгінальнасць вобразнага выказвання дасягаецца галоўным чынам за кошт актывізацыі стылістычнага патэнцыялу агульнанароднай лексікі і фразеалогіі, стварэння незвычайных словаспалучэнняў, якія дазваляюць надаваць новыя і глыбокія вобразныя сэнсы і рэалізоўваць семантычныя пераўтварэнні. Паэт карыстаўся правам стварэння новых адзінак і правам фарміравання новага кантэксту для вядомай лексічнай адзінкі, што спрыяў рэалізацыі незвычайнага, новага значэння, незвычайнага, аказіянальнага адцення.
Падрыхтоўка і выданне “Слоўніка мовы Янкі Купалы” абавязана вялікай працы параўнальна невялікага калектыву, які ўзначальваў У.В. Анічэнка, энтузіяст, таленавіты арганізатар, прафесіянал-лексікограф, і які пасля нечаканай смерці гэтага няўрымслівага, апантанага працай чалавека (памёр пры здачы рукапісу трэцяга тома слоўніка ў выдавецтва) дастойна давёў пачатую працу да лагічнага завяршэння.
І сёння мы маем “Слоўнік мовы Янкі Купалы”, які, несумненна, мае вялікае значэнне для развіцця не толькі беларускай, але і ўсёй славянскай лексікаграфіі. Матэрыялы слоўніка даюць магчымасць убачыць і ўпэўніцца ў багацці лексікі класіка беларускай літаратуры, якая складае па самых сціплых разліках не менш за 26000 адзінак, і даюць усе падставы для гонару і за мастака, і за народ, што нарадзіў такога волата, і за калектыў, што падрыхтаваў такі слоўнік.
Паведамленне падрыхтавала Шведава З.У., к.філал.навук, дацэнт кафедры беларускай мовы