Юбілей А.А. Лукашанца
23 лістапада 2014 года споўнілася 60 год беларускаму вучонаму-лінгвісту, доктару філалагічных навук, прафесару, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, першаму намесніку дырэктара па навуковай рабоце ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”, дырэктару філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы”, старшыні Беларускага камітэта славістаў і старшыні Міжнароднага камітэта славістаў у 2008-2013 гг. Аляксандру Аляксандравічу Лукашанцу.
У навуковых колах і шырокай гуманітарнай грамадскасці яго ведаюць як выдатнага спецыяліста ў галіне беларускага і славянскага мовазнаўства з шырокім колам навуковых інтарэсаў – даследчыка беларускага і славянскага словаўтварэння, беларускай лексікаграфіі і правапісу, праблем развіцця сістэмы беларускай мовы ў ХХ-ХХІ стст., асаблівасцей функцыянавання беларускай мовы ў сітуацыі блізкароднаснага дзяржаўнага двухмоўя, праблем практычнай беларускай анамастыкі і сацыялінгвістыкі, узаемадзеяння беларускай мовы з суседнімі рускай і польскай мовамі.
Вынікі навуковых даследаванняў А.А. Лукашанца (усяго апублікавана больш за 300 навуковых прац, з якіх больш за 30 у замежных выданнях і сярод якіх 12 манаграфій, з іх 10 у суаўтарстве, а 2 за мяжой, 4 слоўнікі ў суаўтарстве, 4 вучэбныя дапаможнікі ў суаўтарстве, 2 брашуры), рэгулярна публікуюцца ў навуковых выданнях Беларусі і за мяжой (ён неаднаразова выступаў з дакладамі на навуковых канферэнцыях у Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Расіі, Украіне, Сербіі, Славеніі,, Славакіі, Македоніі).
Імя А.А. Лукашанца добра вядома як актыўнага папулярызатара беларускай мовы, які прыкладае шмат намаганняў для павышэння прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы краіны і пашырэння яе ўжывання ў афіцыйных сферах зносін, аўтарытэту беларускай мовазнаўчай навукі ў свеце.
На працягу апошніх адзінаццаці гадоў А.А. Лукашанец з’яўляецца членам Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дзён беларускага пісьменства.
Як вучоны сакратар і старшыня (з2004 г.) Беларускага камітэта славістаў А.А. Лукашанец правёў вялікую арганізацыйную работу па забеспячэнні ўдзелу беларускай дэлегацыі ў ХІІ (Кракаў, 1998), ХІІІ (Любляна 2003), ХІV (Охрыд, 2008) і ХV (Мінск, 222013) Міжнародных з’ездаў славістаў. Пад яго кіраўніцтвам упершыню ў Беларусі быў арганізаваны і праведзены ХV Міжнародны з’езд славістаў, які стаў навукова-культурнай падзеяй агульнадзяржаўнага маштабу і сведчаннем прызнання поспехаў славістыкі ў нашай краіне.
Сёння А.А. Лукашанец у росквіце фізічных і творчых сіл, поўны энергіі і навуковага пошуку. Члены кафедры беларускай мовы УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” віншуюць Аляксандра Аляксандравіча з юбілеем і жадаюць плёну ў працы на карысць беларускай гуманітарнай навукі і беларускай мовы, якая стала для яго жыццём і лёсам.
Падрыхтавала д.ф.н., прафесар В.А. Ляшчынская