Фінт-круазэ


ФІНТ-КРУАЗЭ

 24 сакавіка 2015 года групы БФ-21 і БФ-22 разам з дацэнтам кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі С.А. Вяргеенка наведалі Маладзёжны тэатр. Студэнтам пашчасціла назіраць за развіццём падзей дзвюх сучасных камедый па п’есах маладых беларускіх аўтараў: “Перапіс насельніцтва” Дзмітрыя Багаслаўскага і “Сватанне” Віктара Красоўскага. За адзін вечар кожны акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, які быў задзейнічаны ў спектаклі, выступаў у двух розных вобразах. Напрыклад, прыгожую і эксцэнтрычную Маргарыту Адольфаўну з першай часткі зменіць інтэлігентны нешчаслівы прафесар у другой частцы.

У спектаклі задзейнічаны тры акцёрскія склады. А гэта азначае, што можна хоць праз раз прыходзіць на пастаноўку і заўсёды атрымліваць асалоду ад новага непрадказальнага акцёрскага рашэння. Рэжысёр спектакля Святлана Навуменка сабрала вакол сябе цікавую каманду прафесіяналаў: харэограф Вольга Скварцова, кампазітар Віталь Судзін, мастак Юрый Саламоваў стварылі спектакль, які падымае настрой, на якім хочацца смяяцца. Не абышлося і без перажыванняў, таму пры праглядзе вам забяспечаны поўны спектр пачуццяў і эмоцый! Доўгімі апладысментамі гледачы не адпускалі акцёраў. Цяжка было стрымаць эмоцыі. Зала ўстала, усе да апошняга, нават скептычна настроеныя. Некаторыя плакалі, плакалі і самі акцёры.

Гэта быў цуд! Гэта было маленькае жыццё на сцэне, а мы ўсе – частка гэтага жыцця.

Часцей наведвайце тэатры! Вы ніколі не пашкадуеце і атрымаеце незабыўныя ўражанні на тыдзень, месяц, а можа, і на ўсё жыццё!

Аксёнава Вольга, студэнтка групы БФ-21,

Шукаловіч Алена, студэнтка групы БФ-22





















2011 Фінт-круазэ. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates