Наведванне выстаў


Наведванне выстаў філіяла ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава”

 1 красавіка 2015 года мы, студэнты групы БФ-21, разам з дацэнтам кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі С.А. Вяргеенка наведалі філіял ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава”. Нашай увазе былі прадстаўлены некалькі выстаў.

“Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны”. Дадзеная выстава – своеасаблівы творчы эксперымент гісторыка-краязнаўцы Марыі Булавінскай, архітэктара Сяргея Ляпіна, мастака Ірыны Панковай пры падтрымцы Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і Хойніцкага краязнаўчага музея. Нас вельмі ўразіла карта, на якой можна было ўбачыць месцы ўсіх вядомых сядзіб, што ў мінулым знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны, разам з іх графічнымі выявамі. Выявы сядзібаў рэканструяваліся па розных крыніцах: малюнках, старых фотаздымках, успамінах былых жыхароў, апісаннях даследчыкаў і г.д. Наш экскурсавод Пятро Цалка растлумачыў, што пазначаныя рознымі колерамі сядзібы абазначаюць іх захаванасць на сучасным этапе.

“Стою в Раю с магнитофоном…”. На гэты раз філіял Веткаўскага музея вырашыў здзівіць сваіх наведвальнікаў выставай інсітнага (наіўнага) мастацтва. І для гэтага ўзяў самую блізкую тэму для гэтага жанру – Рай, або, дакладней, вобраз Раю ў народнай творчасці. На выставе прадстаўлены самыя розныя формы праяўлення інсітнага мастацтва: жывапіс (Савасцьянаў Міхаіл Пятровіч), роспіс дываноў (Кіш Алена Андрэеўна, Якунін Міхаіл Іванавіч), вышыўка крыжыкам і вышыўка гладдзю (вясковыя майстры з Веткаўшчыны). Своеасаблівым дапаўненнем выставы служаць народныя ўяўленні аб Раі, запісаныя супрацоўнікамі Веткаўскага музея падчас экспедыцый і прадстаўленыя для азнаямлення наведвальнікам выставы. Вельмі цікава было чытаць пра тое, якім людзі ўяўлялі сабе Рай. Гэта чыстае, светлае месца, якое чалавек заслужыць пасля таго, як добра папрацуе на зямлі.

“Жывое рамяство”. Пастаянная экспазіцыя ў зале “Жывое рамяство” і клуб “Параскева”, які дзейнічае пры філіяле, з’яўляюцца цэнтрам вывучэння сапраўднай аўтэнтычнай культуры. У ткацкай майстэрні філіяла Веткаўскага музея адбываецца навучанне мясцовым традыцыям ткацтва. Нават мы паспрабавалі стаць ткачыхамі на некалькі хвілін і нам паабяцалі, што мы ў хуткім часе выйдзем замуж, таму, што раней, калі дзяўчына не ўмела ткаць, яна была не завіднай нявестай.

Нам усё вельмі спадабалася і колькі б разоў мы не наведалі філіял, мы заўсёды знойдзем для сябе штосьці новае, цудоўнае, непаўторнае!

Вольга Аксёнава, студэнтка групы БФ-21










 



2011 Наведванне выстаў . Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates