Вандроўка ў свет фальклору


19 мая ў бібліятэцы імя Я. Коласа адбылася сустрэча вучняў дзявятых класаў са студэнтамі філалагічнага факультэта. Прысвечана яна была традыцыям сямейнай абраднасці беларусаў.

Вяселле, радзіны, хрэсьбіны – менавіта іх мы лічым значнымі этапамі ў жыцці чалавека. У гэтым прычына таго, чаму сямейная абраднасць вельмі насычана разнастайнымі магічнымі рытуаламі, прымхамі, якія маюць на мэце забяспечыць дабрабыт у сям’і і лад у хаце.

У дзевяцікласнікаў была магчымасць даведацца пра вясельныя песні, пра ўмовы згоды і нязгоды на шлюб, пра выпечку абрадавага каравая, а таксама ўявіць сябе ўдзельнікамі хрэсьбіннай цырымоніі, падчас якой разбіваецца гаршчок з бабінай кашай, гучаць пажаданні добрага лёсу, адрасаваныя нованароджанаму дзіцяці, а таксама бабку-павітуху возяць на баране. Асабліва спадабаліся і запомніліся школьнікам трапныя прыказкі і прымаўкі, звязаныя з галоўнымі дзеючымі асобамі вясельнага свята: маладымі, сватам, свякроўкай.

Як добра, што мы, студэнты, змаглі дакрануцца да глыбіняў народнай спадчыны і абудзіць у юных сэрцах цікавасць да нашага, да беларускага.

Мы шчыра дзякуем шаноўнай Новак В.С. і супрацоўнікам бібліятэкі, якія паспрыялі ажыццяўленню чароўнай вандроўкі ў свет фальклору.

Дакукін Аляксандр, Плахатнюк Ганна.




2011 Вандроўка ў свет фальклору. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates