Таямнічы свет хаўтурны



5 сакавіка групе БФ-21 разам з дацэнтам кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі С.А Вяргеенка пашчасціла на некаторы час звярнуцца да вусцішна-загадкавай спадчыны мінулага, а менавіта – да такіх спецыфічных з’яў, як муміфікацыя і старажытнае пахаванне. Адбылася гэтая падзея, дзякуючы выставе “Муміі свету”, якая напрыканцы мінулага тыдня распачала дзейнасць у Палацы Румянцавых і Паскевічаў.

Здзіўленне апаноўвае наведвальнікаў ужо пры ўваходзе ў залу з экспанатамі: апошнія месцяцца ў нішах ці абсталяваных спецыяльна месцах, якія адмыслова аформлены і асветлены. Рухаючыся па памяшканні, глядач мае магчымасць пабываць адразу на розных кантынентах, знаёмячыся з лакальнымі прасторава-часавымі традыцыямі пахавання. Так, пацікавіўшыся спачатку рэканструкцыяй курганка неандэртальца-паляўнічага, далей можна пабачыць адзін з самых старажытных прыкладаў муміфікацыі – гліняныя муміі культуры Чынчора, а таксама паветранае пахаванне з тэрыторыі сучаснай Японіі, знакамітага альпійскага Эцы, “жывыя” паўднёваамерыканскія муміі і нават “іншапланецян”. Не застануцца па-за ўвагай і разнастайныя пахавальныя дзеянні і абрады Старажытнага Егіпта.

Кожны экспанат мае асобную шыльдачку, дзе пазначаны назва, месца і час пахавання, разнастайная дадатковая інфармацыя. Дапаўняюць атрыманую выяву некалькі васковых статуй у чалавечы рост, якія могуць нават напалохаць сваёй натуральнасцю.

Выстава будзе працаваць да траўня, таму ёсць яшчэ досыць дзён, каб яе наведаць, убачыўшы пры гэтым на свае вочы адлюстраване далёкай мінуўшчыны і вобразы ранейшых часоў.

А. Дакукін,

студэнт групы БФ-21

філалагічнага факультэта

 





2011 Таямнічы свет хаўтурны. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates