Мінулае і сучаснасць у беларускай культуры
Дакрануцца да глыбіняў культуры, звярнуўшыся адразу як да мінулага, так і да сучаснасці, дазваляе Музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Г.Ф. Шклярава ў Ветцы. Група БФ-21 разам з выкладчыкамі філалагічнага факультэта А.М. Палуян і Л.В. Паплаўнай 17 сакавіка наведала Гомельскі філіял дадзенай установы.
Экспазіцыя музея месціцца ў 5 залах, прычым тэматыка іх досыць разнастайная і пастаянна змяняецца. На сённяшні дзень кожны можа наведаць выставы старажытнай кнігі (прадстаўлены арыгінальныя рукапісныя і друкаваныя выданні, а таксама факсіміле, графічныя пано і іканапіс), керамічных вырабаў (гэта разнастайныя акарыны, дудкі, званочкі, прадметы посуду, дужа незвычайныя выявы жывёл і людзей, створаныя з абпаленай альбо паліванай каляровай керамікі), лапікавага шыцця (т. зв. “пэчварк”) – стварэння абрусаў, посцілак, дыванкоў са сшытых паводле пэўнага малюнку ці арнаментнага ўзору кавалкаў рознай па памеры, фактуры і колеры тканіны. Напрыканцы маецца магчымасць сесці за сапраўдныя кросны і паспрабаваць сябе ў ткацтве. Сапраўды, трэба ўкласці шмат сілаў і часу, каб стварыць хаця б цалю палатна, захоўваючы пры гэтым парадак жаданага аздаблення.
Выстава пакідае якоесьці ўзрушанае і ўзнёслае адчуванне, а таксама вялікае жаданне наведаць музей зноў. Захаваць такі настрой дапамогуць сувеніры, якія прадстаўлены ў вялікай колькасці, пачынаючы ад паштовых картак і заканчваючы ручнікамі.
А.Дакукін, студэнты групы БФ-21 філалагічнага факультэта