У ГОСЦІ ДА БУДУЧЫХ АБІТУРЫЕНТАЎ
29 сакавіка 2016 года выкладчыкі філалагічнага факультэта прынялі актыўны ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Дзіцячая літаратура ў кантэксце сучаснай культурнай прасторы”, якая праводзілася ва ўстанове адукацыі “Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С. Выгоцкага”.
На пленарным паседжанні, якое адкрыў дырэктар педкаледжа М.М. Валодзін, выступілі кандыдаты філалагічных навук, дацэнты кафедры рускай і сусветнай літаратуры Суслава Н.У. і Капшай Н.П.
З вялікай цікавасцю прысутныя слухалі выступленне Наталлі Уладзіміраўны Суславай, якая закранула праблему адлюстравання “ідэальнай прасторы” ў сучаснай літаратуры для падлеткаў.
Наталля Паўлаўна Капшай выступіла з дакладам “Дыялог аўтар-чытач” і раскрыла заяўленую тэму на прыкладзе аналізу верша А. Блока “Вербочки”.
Суіскальнік кафедры рускай і сусветнай літаратуры Казакова К.А. прадставіла даклад на тэму “Запатрабаванасць дзіцячай прозы Платонава сучаснымі чытачом”.
Цікавымі былі выступленні ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечаныя народным казкам як сродку выхавання культуры паводзін малодшых школьнікаў, аналізу зместу і ролі сучасных беларускіх дзіцячых часопісаў, дзіцячай літаратуры як сродку фарміравання гендэрнай ідэнтычнасці малодшых школьнікаў, выкарыстанні недзіцячых тэм у дзіцячай літаратуры, вядомым мастакам-ілюстратарам, ілюстраванню казак як складніка прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў.
Удзельнікам і гасцям канферэнцыі была прадстаўлена прэзентацыя творчай майстэрні “Нетрадыцыйныя тэхнікі выяўленчай дзейнасці”.
Член аргкамітэта канферэнцыі кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі А.М. Палуян расказала навучэнцам выпускных курсаў аб факультэтах і спецыяльнасцях УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, падрабязна спынілася на асаблівасцях атрымання вышэйшай адукацыі па скарочанай форме навучання, расказала пра правядзенне ўступных іспытаў, работу падрыхтоўчых курсаў у маі-чэрвені 2016 г., рэпетэцыйным тэсціраванні і бясплатных кансультацыйных занятках, якія праводзяцца на базе ўніверсітэта для ўдзельнікаў рэпетэцыйнага тэсціравання.
Пры падвядзенні вынікаў арганізатары і ўдзельнікі канферэнцыі, кіраўніцтва педкаледжа і выкладчыкі філалагічнага факультэта абмяняліся ўражаннямі, падзяліліся вопытам правядзення падобных мерапрыемстваў, абмеркавалі планы далейшага супрацоўніцтва.
Палуян А.М., дацэнт кафедры беларускай
культуры і фалькларыстыкі філалагічнага факультэта