Прэм’ера фільма



14 снежня студэнты філалагічнага факультэта наведалі прэм’ерны паказ фільма “Шторм: палаючы ліст” у кінатэатры “Мір”. З’ява гэтая сапраўды выключная, бо ўпершыню ў Гомелі дэманстравалася замежная карціна, цалкам агучаная па-беларуску.

Гледачы пачалі збірацца яшчэ загадзя. Кожнага, хто пераступаў парог кінатэатра, адразу ахутвалі гукі старасвецкае барочнае музыкі, якія поўнілі душу радасцю і замілаваннем. Увагу прыцягваў таксама друкарскі станок, на якім можна было атрымаць адбітак сапраўднай гравюры.

Такі ўступ арганічна суадносіўся з тэматыкай фільма, які распавядае пра падзеі Рэфармацыі ў Нідэрландах пяцісотгадовай даўніны, у тым ліку закранаецца і развіццё кнігадрукавання. Якраз тое, што сёлета ў Беларусі святкуецца юбілей дзейнасці Ф. Скарыны, і было прычынай адбору для дэманстравання менавіта дадзенага кінафільма.

Нягледзячы на некаторыя хібы ў перакладзе і пэўную аднабаковасць сюжэта, карціна ўражвае дакладнасцю перадачы жыцця той эпохі, падборам дэкарацый і строяў. Усе прысутныя сапраўды на некаторы час змаглі апынуцца ў атмасферы далёкай мінуўшчыны.

 А. Дакукін, студэнт 4 курса

2011 Прэм’ера фільма. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates