Вывучаем фразеалагізмы беларускай мовы – пазнаём свой народ і засвойваем родную культуру
Вядома, што валоданне беларускай мовай – гэта асэнсаванне сябе як часцінкі свайго народа, спазнанне яго светабачання, светаўспрымання, таго культурнага і практычнага вопыту, тых правілаў і ўстановак, якія ўласцівы нашаму народу.
29 студзеня 2018 года з групай студэнтаў завочнага факультэта (гр. БФСз-31) была праведзена пазнавальная гутарка-апытанне “Што я ведаю пра культуру свайго народа скрозь прызму фразеалагізмаў ?” з мэтай выявіць веды і ўменні вызначаць гэтыя адзінкі, даваць ім характарыстыку (значэнне, тып структуры, суаднесенасць/несуаднесенасць з часцінай мовы, стылістычную дыферэнцыяцыю і функцыянаванне ў маўленн), а яшчэ вызначыць “схаваную” ў вобразах, словах-кампанентах фразеалагізмаў культурную інфармацыю, якая даводзіць пра светабачанне, светаўспрыманне беларусаў, вызначае правілы і нормы жыцця, дае станоўчую ці адмоўную ацэнку, якую нясуць фразеалагізмы.
Напрыклад, беларускі фразеалагізм вароты пірагамі падпёрты служыць для іранічна-жартоўнага выказвання і перадачы ўяўлення беларусаў пра багатае жыццё, пра такое месцазнаходжанне чалавека, дзе ўсяго ўволю, дзе добра і багата жывуць. Фразеалагізм пабудаваны на аснове нерэальнага (казачнага) вобраза, выкарыстаны гіпербалічны прыём (перабольшванне): пірагоў у людзей так шмат, што імі нават вароты падпіраюць. Сімвалам заможнага, багатага жыцця выступаюць пірагі, якія падпіраюць вароты. Праз кампанент пірагамі фразеалагізм суадносіцца з гастранамічным кодам культуры беларусаў.
Вобраз фразеалагізма суадносіцца і з прасторавым кодам культуры беларусаў і ўзыходзіць да старажытнага архетыпічнага супрацьпастаўлення “свой” – “чужы”, што выяўляе сімвалічнае назначэнне лексемы вароты як “сродак” падзелу прасторы на асвоеную і неасвоеную, “сваю” і “чужую” і адпаведна месца сутыкнення сваіх з чужымі. Вароты лічыліся месцам пераходу ад адной жыццёвай ступені да другой. У мінулым лексемай вароты была найменнем сімвала “мяжа”, пра што выразна нагадваюць вароты ў агароджы чаго-небудзь як аддзяленні “сваёй” тэрыторыі (участка, надзела зямлі з пабудовамі і інш.) ад “чужой”, вароты ў храме, як раздзяленне сакральнага ад свецкага, вароты ў вясельным абрадзе паміж маладым як прадстаўніком знешняга, чужога свету, які хоча парадніцца і стаць сваім у акружэнні маладой, для чаго жаніх “адкупляецца”, каб пераадолець перашкоду-мяжу на сваім шляху да аб’яднання з новай сям’ёй.
Выбар кампанентаў і створанага з імі вобраза фразеалагізма зусім невыпадковы, бо слова пірагі асацыіруецца не проста з назвай ежы, а са святам, паколькі пірог сёння, а тым больш у мінулым – гэта прадукт не штодзённага харчавання, гэта найменне сімвала – ‘свята, святочны стол’, а значыць, дастатак, багагае жыццё. У выніку фразеалагізм вароты пірагамі падпёрты перадае стэрэатыпнае ўяўленне беларусаў пра заможнае, багатае жыццё.
Правяла гутарку-апытанне праф. В.А. Ляшчынская, якая і падрыхтавала гэта паведамленне