Да Года малой радзімы
2019 год аб’яўлены Годам малой радзімы. У кожнага з нас яна свая, адзіная, любімая, непаўторная. І кожны з нас самыя лепшыя словы прысвячае ёй, кожны з хваляваннем у сэрцы выказвае словы падзякі роднай зямлі.
17 мая на філалагічным факультэце для студэнтаў І курса Л.М. Мінаковай была арганізавана сустрэча з яе земляком, рэдактарам аддзела эканамічнага жыцця жлобінскай раённай газеты “Новы дзень” Мікалаем Васільевічам Шуканавым. Мікалай Васільевіч расказаў студэнтам пра горад Жлобін, яго гісторыю і сучаснае жыццё, творчасць пісьменнікаў Жлобіншчыны. Не абышоў ён увагай цікавых людзей раёна, іх працу на карысць малой і вялікай Радзімы.
На сустрэчы выступіла прафесар кафедры беларускай мовы доктар філалагічных навук А.А.Станкевіч, якая расказала пра сваю малую радзіму Навагрудчыну. Куратар групы РФ-11 дацэнт кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства А.І.Халяўка падзялілася ўспамінамі пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў Гомелі. Пра сваю малую радзіму расказала і асістэнт кафедры беларускай мовы А.М. Чарнышова.