Мае ўніверсітэты

На філалагічным факультэце сярод студэнтаў 5 курса быў праведзены творчы конкурс “Мае ўніверсітэты”. Прадстаўляем вытрымкі з некаторых работ пяцікурснікаў.

Мае ўніверсітэты

Бабранок Вікторыя

(студэнтка групы БФ-52)

   Жыццё нам даецца ўсяго адзін раз. І кожны з нас жыве менавіта так, як сам пажадае, бо наш шлях залежыць толькі ад нас. Вось так пачынаўся мой шлях ва ўніверсітэце…

   Вучоба... Вучэнне... Колькі розных думак прыходзіць у галаву пры ўжыванні гэтых слоў. Але якімі б гэтыя думкі не былі, колькі б аб вучобе не казалі, усё роўна гэта паняцце звязана з чалавекам. Бо жыццё чалавеча і пабудавана на тым, што трэба ўвесь час вучыцца.

   У 2010 годзе я паступіла на філалагічны факультэт. Самыя яскравыя эмоцыі, уражанні выклікаў у мяне першы дзень навучання. Яго немагчыма забыць. Усё нова, усё цікава. Дождж ліў як з вядра. У гэты ж дзень я пазнаёмілася са сваёй групай.  Яна складалася амаль што з адных дзяўчат, былі і два хлопцы, якія “разбаўлялі” наш жаночы калектыў. Так радасна было на душы, што ты ўжо студэнтка, што ты ўжо вялікая. Кіраўніком нашай групы стала Шведава Зоя Уладзіміраўна. Яна заўсёды ставілася да нас з дабрынёй і разуменнем і клапацілася пра нас, як пра ўласных дзяцей.

   Але вось непрыкметна праляцелі пяць год і мы ўжо выпускнікі. Быў бы шанец – вярнула б час назад і яшчэ раз правучылася з 1-га курса па 5-ы, шмат бы чаго змяніла. Па-першае, гэта сваё стаўленне да вучобы. Дала б сабе ўстаноўку і расставіла прыярытэты: навошта я прыйшла сюды вучыцца, і чаго планую дасягнуць у будучыні? Вельмі шкадую, што не пачала вучыцца з першага курса, а толькі з трэццяга.Тым больш магчымасць добра вучыцца была. Выкладчыкі ўсе вельмі добрыя(і з кафедры беларускай мовы, і з кафедры беларускай літаратуры). Усе заўсёды добра ставіліся да студэнтаў. Для мяне лепшымі выкладчыкамі былі: Кузьміч Л.П, Багамольнікава Н.А, Шведава З.У, Ермакова А.М. Час вучобы ва ўніверсітэце запомніўся як лепшыя гады жыцця. Тут я даведалася, што такое сяброўства, першае каханне, поспех, крыўда,радасць..

   Кожная хвіліна, кожная гадзіна чамусьці навучыла мяне і падмацавалі мае адносіны да тых, хто побач. 

 

 

Мае ўніверсітэты

Болсун А.П.

(студэнтка групы БФ-52)

 Шкада, што гэтыя пяць год праляцелі, як адзін момант, не пакінуўшы пасля сябе амаль ніякіх успамінаў… ні добрых, ні паганых… Быццам іх проста не існавала ў маім жыцці.

Універсітэт даў мне перспектывы… Перспектывы працы на нелюбімай і нізкааплочваемай рабоце… Але справа тут, напэўна, не ва ўніверсітэце, а ў тым, што настаўнік у наш час – ніхто. І працу яго ніхто не цэніць.

У апошні час усё часцей наведваюць думкі аб тым, што вышэйшая адукацыя зараз нікому не патрэбна, і лепш бы я скончыла які-небудзь праф.калледж, правучыўшыся там 2-3 гады, або ўвогуле курсы парыкмахера ці сайстра па манікюру, і зарабляла б у два разы больш, чем з дыпломам аб Вышэйшай, непатрэбнай свету, адукацыі.

Адзіны плюс – я ўсё ж такі штосьці даведалась… пазнаёмілася з рознымі людзьмі… знайшла сяброў…

Што датычыцца пытання аб тым, што забраў у мяне ўніверсітэт… Скажу каротка:  час (але ён не быў патрачаны дарэмна), надзеі на светлую будучыню і міллліярды нярвовых клетак! J

І мне вельмі не хочацца прызнаваць, што, магчыма, гэтыя пяць год былі лепшымі гадамі майго жыцця… І што нагадваць аб іх будуць толькі вершы ў лекцыйных сшытках, напісаныя ў той час, калі старанныя студэнты запісвалі штосьці пад дыктоўку выкладчыка…

 



Мае ўніверсітэты

Гуненка Г.А.  

(студэнтка групы БФ-52)

         Жыццë − гэта хуткаплынная рака з кручай і павольным, размераным, спакойным цячэннем. Яно таксама паласатае, як вясëлка або зебра. Бывае ўсë.

         Універсітэт − толькі маленькая кропля ў жыцці кожнага з нас, але галоўная і запамінальная. Безумоўна, універсітэцкія гады  − гэта цуд жыцця. Акрамя атрымання ведаў, непасрэдна, філалагічнага характару, тут вучаць жыць. Дзякуючы выкладчыкам, сябрам-сакурснікам мы сталі сапраўднымі людьмі, надзейнымі таварышамі.

         За пять год майго ўніверсітэцкага жыцця было ўсë: і шматлікія практыкі, якія  выхоўваюць нас, аб’ядноўваюць, вучаць жыць, рознага характару мерапрыемствы,  якія навучылі мяне быць больш раскованай перад гледачамі. Нельга не ўспомніць і жыццë ў інтэрнаце, якое навучыла “выжываць”.  Інтэрнацкае жыццë, увогуле, −  гэта своесаблівая армія са сваімі парадкамі і законамі, якую я не забуду ніколі.

        Усë праходзіць вельмі хутка. Не паспела заўважыць, як выйшла замуж, нарадзіла дзіця і ўжо фініш − пяты курс. З аднаго боку, адчуваеш нейкі сум, што не будзе больш аўдыторый, званкоў, выкладчыкаў, сакурснікаў. А з іншага боку, пачынаецца новае, нязведанае, цікавае жыццë.

         Універсітэт − важная школа майго жыцця. Праведзеныя гады ў ім не забудуцца ніколі.

 

Мае ўніверсітэты

 Даніленка С.С.

(студэнтка групы БФ-52)

Выказванне “школа жыцця” – сапраўды мае сваю значнасць і абмеркаванне. Менавіта для мяне такой “школай жыцця” стаў мой універсітэт, дзе мы атрымалі не толькі філалагічную адукацыю, але і прайшлі сур’ёзныя жыццёвыя экзамены.

За пяць год навучання ва ўніверсітэце мы навучыліся шмат чаму і шмат чаму вучылі нас, але самая галоўная рэч – не страціць сваю чалавечую годнасць, але гэта правіла некаторыя людзі не вывучаць і да канца жыцця.

У наш час ходзіць такая чутка, што вышэйшая адукацыя не патрэбна, што можна легка абыйсціся і без яе, добра прыстроіўшыся ў жыцці…Але зараз я заканчваю пяты курс і магу адказаць на гэтае пытанне: “Гэта зусім не так!” Без гэтых выпрабаванняў, якія дае нам універсітэт чалавек не зможа адстоіць свае правы ў грамадствее, наладзіць камунікатыўныя зносіны. Іншымі словамі, мой універсітэт падараваў мне ўпэўненасць у сабе і сваіх здольнасцях.

Падчас маёй вучобы мне спадабалася вялікая колькасць практык, што дало магчымасць выявіць сябе з розных бакоў…Гэта і фальклорная практыка, дзе мы наладжвалі кантакты з мясцовым насельніцтвам, знаёміліся з новымі людзьмі, рабілі яшчэ адзін крок наперад сваім магчымасцям. І канешне ж, неацэнны ўклад зрабіла практыка ў школе. Пасля яе ты, як быццам, становішся іншым, ты атрымліваеш зусім новую самаўпэўненасць, на цябе кладзецца зусім іншая задача – зараз ты сам нясеш адказнасць за чалавечы лес.

За гэтыя пяць год мой універсістэт падараваў мне самыя лепшыя моманты і самых лепшых людзей побач.

 

Мае ўніверсітэты

Пастухова Т.А.

(студэнтка групы БФ-52)

            Жыццё праходзіць вельмі хутка… Здаецца, што толькі ўчора я паступіла ва ўніверсітэт і даведалася, што група, у якой пачалося маё студэнцкае жыццё называецца БФ-12. Здаецца, што толькі ўчора выкладчыкаў мы ўспрымалі як нейкіх монстраў, якія патрабуюць ад нас нешта звышнатуральнае. Але ўсё гэта толькі здаецца… І мы ўжо не БФ-12, а БФ-52…

           Шмат чаго змянілася за гэтыя пяць год. Былі і страты, і набыцці. Страціла многа нерваў, але набыла многа ведаў. Увогуле ўніверсітэт  даў шмат карысных урокаў для падрыхтоўкі ў дарослае жыццё.  Карыснымі яны былі не толькі ў сэнсе адукацыі, а і ў сэнсе духоўнага развіцця.

         У кожнага чалавека застаюцца добрыя ўспаміны аб студэнцкім жыцці. Як рыхтаваліся да сесіі, як яе здавалі, і як потым адзначалі. Якімі б складанымі ні былі гэтыя пяць год навучання, можна з упэўненасцю сказаць, што студэнцкае жыццё – самая лепшая пара. Менавіта студэнцкія гады самыя цікавыя і незабыўныя. Вельмі шкада, што гэта мы зразумелі толькі зараз, калі ўжо самы бесклапотны час падыходзіць да канца. І вось мы перагортваем новую старонку свайго жыцця…

 

Мае ўніверсітэты

Рэбенок В.А.

(студэнтка групы БФ-52)

 Жыццё – гэта шлях навучання, шлях, у якім кожны крок пакідае свой адбітак. Гэты адбітак застаецца не толькі на зямлі, але і на самім чалавеку, у яго душы, на яго здольнасцях і магчымасцях.

Зноў незаўважна прайшлі пяць год майго жыцця. Прайшлі хутка, але яскрава і насычана. Гэты час быў багаты на эмоцыі, пачуцці, сустрэчы і, канешне, на жыццёвыя ўрокі. Побач было шмат добрых людзей… Але так здавалася пяць год назад, калі ўсё навокал я магла бачыць праз “ружовыя акуляры”: людзі ўсе добрыя, надзейныя, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу… І гэты шэраг я б зараз працягнула, калі б не гэтыя пяць год, якія навучылі “бачыць” людзей. Спачатку я лічыла, што заўсёды трэба дапамагаць тым, хто побач, і яны абавязкова дапамогуць табе. Але якім вялікім было маё расчараванне, калі я зразумела, што мной і маёй дапамогай проста карыстаюцца, калі на самой справе цяжка, складана і дрэнна, але ўсім “тым” не да цябе… Не, я не лічу, што гэта дрэнна! Гэта добры ўрок чалавечых зносін, таму што невядома,  якія людзі сустрэнуцца далей, у якіх выпадках апынуся я. Затое зараз, на дадзены момант, побач толькі тыя, хто разам са мной, падтрымліваючы і дапамагаючы, прайшоў гэтыя выпрабаванні.

Але не толькі дрэннае здаралася са мной за гэтыя пяць год. Я падмацавала свае адносіны з тымі, каго выбрала на ранейшым этапе свайго жыцця. Былі такія цяжкія сітуацыі, у якіх людзі, якія раней не траплялі пад маю ўвагу ў “ружовых акулярах”, трымаліся лепей тых, хто побач вельмі доўгі час.

Кожныя паўгады трэба было здаваць сесію, і кожная сесія вучыла мяне жыць і вучыцца ў складаных умовах, калі ноч скарачалася да трох-чатырох гадзін.

Апошнія пяць гадоў падмацавалі мяне, мой дух, маё асяроддзе. Я магу сказаць, што найлепшымі маімі ўніверсітэтамі сталі людзі, іх учынкі, адносіны, словы. Я ўдзячна, што ўсё склалася менавіта так.

 

Мае ўніверсітэты

Богдан Т.А.

(студэнтка групы БФ-52)

   Апошняя сесія… Апошнія сустрэчы… Здавалася б, 5 год – гэта цэлая вечнасць. Але памылка: 5 год нібы маланка. Азірнешся назад і разумееш: час прайшоў хутка, але колькі ўсяго адбылося ў тваім жыцці? Адбылося менавіта за гэтыя 5 гадоў універсітэцкага жыцця. Пытаеш сябе: “А што далі мне гэтыя 5 год?” І гэта цікавае разважанне!

  5 год універсітэцкага жыцця… Гэта новыя знаёмствы і сустрэчы: знаёмства з выкладчыкамі і аднакурснікамі, сустрэча сапраўдных сяброў.

  5 год універсітэцкага жыцця… Гэта набыццё вялікага аб’ёму ведаў, умення выкарыстоўваць іх у жыцці.

  5 год універсітэцкага жыцця… Гэта развіццё пачуцця адказнасці, упэўненасці, смеласці, даверу…

  5 год універсітэцкага жыцця… Гэта магчымасць стаць дарослым. Дарослым не толькі па ўзросту, але і ва ўласных перакананнях.

  5 год – гэта значны кавалак жыцця, які пакінуў свой след у маёй памяці.

5 год – гэта так шмат і так хутка.

  Апошняя сесія… Апошнія сустрэчы…


Мае ўніверсітэты

Дзегцярэнка Н.У.

(студэнтка групы БФ-52)

Многія з нас не заўважаюць як праходзіць жыццё. Мы гэта пачынаем заўважаць калі становімся дарослымі. Вось і ў нас, выпускнікоў ўніверсітэта праз некалькі месяцаў пачнецца новая ступень жыцця.

Мы ўсе будзем узгадваць гэтыя гады жыцця. Як прыйшлі на 1 курс і многага яшчэ не ведалі, баяліся. Але выкладчыкі дапамагалі нам зразумець, паняць многія рэчы. І за гэтыя 5 год мы сталі больш упэўненымі, дарослымі. За гэтыя гады навучання ва ўніверсітэце мы многае зразумелі: усё патрабуе вялікай увагі, сіл. За гэтым клопатам мы і не заўважылі як хутка праляцелі гэтыя 5 год. Гэтыя 5 год былі розныя: вясёлыя, сумныя, перажывальныя… Гэтыя 5 год далі нам вялікі вопыт, які мы нідзе не зможам атрымаць

  На пытанне, што забраў у мяне ўніверсітэт, ямагу адказаць толькі адно. Ён забраў у мяне 5 год майго жыцця, але даў вялікі вопыт.

 

 Мае ўніверсітэты

 Дземідзенка К.У.

(студэнтка групы БФ-52)

 Кожны ў сваім жыцці праходзіць пэўны этап, падчас якога фарміруецца аснова асобы чалавека, яго прынцыпы, маральныя арыенціры і грамадска–палітычныя погляды. Бясспрэчна, на працягу ўсяго жыцця яны перыядычна перажываюць некаторыя змены, але аснова застаецца непарушнай.

Вядома, у першую чаргу, універсітэт — гэта людзі. За пяць гадоў навучання лёс падарыў мне шмат настаўнікаў (у шырокім сэнсе гэтага слова), неверагодна цікавых выкладчыкаў і верных сяброў, пазнаёміў мяне з людзьмі, чые асабістыя і маральныя якасці шмат у чым вызначылі высокія стандарты і патрабаванні. Універсітэт даў поўнае пачуццё ўпэўненасці, адказнасці і прыналежнасці.

Асноўны навык, які, па–мойму, дае універсітэт, — гэта навык пошуку і структуравання інфармацыі, выкарыстання ведаў для вырашэння вытворчых, ды і проста жыццёвых задач. Моцную закалку, мне здаецца, дае менавіта сесія і практычная дзейнасць (практычны заняткі, творчыя заданні і практыка ў школе). Толькі ў гэтыя моманты разумееш, што ўсё залежыць толькі ад таго, як папрацуеш.

Безумоўна, можна было скончыць ГДУ, проста выконваючы фармальныя патрабаванні па наведванні заняткаў, падрыхтоўцы рэфератаў, курсавых і т. д., але тады навучанне было б сумным і шэрым. Дух свабоды і адначасова высокая адказнасць за сябе, свае рашэнні заўсёды адрознівалі студэнтаў універсітэта ад студэнтаў іншых вышэйшых навучальных устаноў. Я навучылася тут фармаваць сваё меркаванне, аргументавана адстойваць сваю пазіцыю, прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, паважаць навакольных і іх права на іншы пункт гледжання. На мой погляд, гэта не мала!

Самае галоўнае, што ўніверсітэт даў мне тое, аб чым я марыла з самага дзяцінства — праца ў школе (педагагічная практыка). Менавіта школьная атмасфера дае самы моцны запал супраць якого немагчыма супрацьстаяць. Гэта быў якраз той штуршок, які патрэбен, я лічу, значна раней. За час практыкі я ўпэўнілася ў правільнасці абранай прафесіі. Мне вельмі спадабалася працаваць з вучнямі: дзеці цікавыя, арыгінальныя, разумныя, эмацыянальныя і вельмі актыўныя. Я лічу, што галоўная задача настаўніка -- не толькі навучыць дзяцей, але і стварэнне цёплай, даверлівай атмасферы на ўроку.

 Кожнаму студэнту хацелася б пажадаць знайсці свой ўніверсітэт. І гэта не абавязкова павінен быць унівесітэт, як навучальная ўстанова, а  “ўніверсітэт”, які абавязкова чамусьці навучыць жыццёваму. Вядома, “жыццёвы ўніверсітэт” забярэ шмат чаго на працягу жыцця: сяброў, родных і блізкіх людзей, але пакіне значна больш. Трэба заўсёды аб гэтым памятаць. Дзякуючы выкладчыкам ГДУ я зразумела — як шмат гэта значыць , калі цябе не вучаць, а даюць магчымасць навучыцца!

  

Мае ўніверсітэты

Дубіна Т.Я.

(студэнтка групы БФ-52)

       Мой шлях у “дарослае жыццё” пачаўся пяць год назад, калі я пераступіла парог універсітэта. Вось тут і скончылася безклапотнае жыццё. Пачаліся заняткі, кантрольныя, лабараторныя, сесіі… І тут ты разумееш, што гэта будзе не проста адзнака за чвэрць, а наступны крок у жыццё.

       Цяжка было спачатку: адна ў вялікім горадзе, адна ў вялікім чужым калектыве, нават у інтэрнаце адна. А самае жахлівае – гэта сум, які ахопліваў з усіх старон, і слёзы, якія самі каціліся па твары.

       Але, час ішоў і ўсё мянялася. Я пазнаёмілася з двума дзяўчынамі, з імі ж мы жылі і ў інтэрнаце. Сяброўства наша працягваецца і да цяперашняга часу. З адной з іх мы пяць год прасядзелі за адной партай.

Далей было крыху лягчэй. Ужо шмат каго і шмат чаго ведаеш. Праводзіліся розныя сустрэчы, мерапрыемствы, вечарыны на якіх было вельмі цікава прысутнічаць. Пад час вучобы мы праходзілі шмат практык. Гэты быў вельмі цікавы і незабываемы час.

       І вось я ужо студэнтка пятага курса, апошнія месяцы вучобы. А здавалася, ці даўно тое было? Былі і слёзы, і нервы, і расчараванні, але гэта ўсёдробязі на дадзены момант. Універсітэт вельмі “памяняў” мяне. Я ужо не тая маленькая дзяўчынка, якая сядзела ціхонька і маўчала, апусціўшы галаву. Я дарослы чалавек са сваімі поглядамі і меркаваннямі.

       І вось зноў ахоплівае той сум, але ўжо не па родных і блізкіх, і, нават, не ад страху, а сум па пяці гадам універсітэцкага жыцця, пяці вельмі цудоўных і добрых гадах майго жыцця. Я не шкадую, што гэты час я патраціла на вучобу ва ўніверсітэце. Але час прайшоў і трэба рухацца далей, да новых вяршынь, да новых перамог.

 

 Мае ўніверсітэты

Федаровіч Т.Л.

(студэнтка групы БФ-52)

       Вельмі хутка скончыцца адзін з самых цікавых і бестурботных этапаў у маім жыцці. Гэтыя пяць гадоў вучобы ва ўніверсітэце прайшлі вельмі хутка і амаль што незаўважна для мяне, аднак “заўважным” застанецца тое, як яны змянілі мяне.

       Вучоба ва ўніверсітэце дала мне многае. Па-першае (і на мой погляд самае галоўнае), яна падаравала мне шмат сяброў, двое з якіх засталіся самымі блізкімі і па сённяшні дзень. З гэтымі дзяўчатамі мы прайшлі праз агонь, ваду і медныя трубы, жывучы разам ў адным пакоі ў нашым горача любімым інтэрнаце, рука аб руку здавалі ўсе залікі і экзамены, разам не спалі начамі, складаючы справаздачу для абароны практыкі. На першы погляд, мы такія розныя, але нас аб’яднала вучоба на філалагічным факультэце. І за гэты факт я вельмі ўдзячна ўніверсітэту.

       Па-другое, я магу ганарыцца знаёмствам з многімі таленавітымі і разумнымі людзьмі – нашымі выкладчыкамі. За пяць гадоў вучобы іх было вельмі шмат: з розных факультэтаў, кафедр, аднак акрамя сваёй дысцыпліны яны давалі нам шмат парад, якія дапамагаюць мне ў штодённым жыцці.

       Па-трэцяе, вучоба ва ўніверсітэце (а менавіта педагагічная практыка з Вольгай Аляксееўнай) дала мне такія якасці як адказнасць, упэўненасць у сабе і ў сваіх ведах і дапамагла зразумець, што я не памылілася ў выбранай  мною прафесіі.

       Шмат яшчэ чаго можна ўзгадаць… Гэты час аставіў моцны след у маім жыцці. З аднаго боку,  вучоба падаравала мне шмат радасных момантаў, а з другога боку, універсітэт  “адабраў”  у мяне бесклапотнае, маладое жыццё, якое ўжо ніколі не вернецца і шмат успамінаў пра яго, якія з часам усё больш раняць душу.

 

Мае  ўніверсітэты

Бракарэнка В.У.

(студэнтка групы БФ-52)

Пяць год – даволі сур’ёзны адрэзак жыцця. А праляцелі нежадана хутка. Незаўважна падабраўся “дарослы” пяты курс. Наперадзе чакаюць дыплом, дзяржаўныя экзамены, размеркаване. І між справамі раптам задумаешся: “ А з чым я іду ў дарослае жыццё? Што ўмею? Што зроблена за гэты час?” Універсітэт дае прафесійную падрыхтоўку. А яшчэ вучыць адказнасці. Бо хто будзе здаваць сурс ці залік за цябе? Так што ўжо любую справу выконваеш добрасумленна.

Увогуле, шмат было пройдзена за гэты час. Пройдзена разам з маімі не вельмі, магчыма, даўнімі, але ўжо стаўшымі такімі блізкімі сяброўкамі. І радасных, і сумных момантаўтаў перажыта з імі нямала. Так што, можна сказаць, што ўніверсітэт даў мне адзін з лепшых падарункаў – шчырае сяброўства.

         Весела праходзілі нашы практыкі – фальклорная, дыялекталагічная, педагагічная. Як цікава было спазнаваць новае, спрабаваць сябе ў ролі сапраўднага настаўніка. Вельмі шкада, што больш ніколі не вернуцца тыя пачуцці, эмоцыі, перажыванні, адчутыя тут, у пяцігадовым прамежку маёй  маладосці.

         І хоць было патрачана шмат нерваў у час здачы сесій, меліся нейкія расчараванні і ў асабістым жыцці, але гэтыя пяць год назаўсёды застануцца ў маёй памяці. Бо яны – мае.

 

Мае ўніверсітэты

Рэцівых Г.В.

(студэнтка групы БФ-52)

     Маё жыццё… Яно так хутка бяжыць…Вось ужо можна перагарнуць другую з найбольш важнейшых яго старонак.

     5 год універсітэта. За гэты час шмат чаго змянілася ў маім жыцці. 5 год падаравалі мне сябровак, я пазнаёмілася з цікавымі людзьмі і адкрыла для сябе шматчаго новага. Але гэта ўсё абасобленыя словы…

     Успамінаю 1 верасня 2010 года. Раніца. Дождж. Настрою зусім няма. Мама далёка. Няма каму падтрымаць, сказаць ласкавыя словы, якія гучалі кожную раніцу, калі я збіралася ў школу. У той дзень я адчувала сябе інакш. Інтэрнат – тут усё чужое, нязвыклае. Трэба быць сур’ёзнай, упэўненай. Усё будзе добра, я ўжо дарослая, у мяне ўсё атрымаецца.

     Пачынаецца новы этап жыцця, вельмі цікавы, вясёлы і запамінальны. Я настроіла сябе на аптымістычны лад і з гэтым настроем пайшла ва ўніверсітэт.

      Новыя людзі, новыя абставіны, усё незнаёмае. Але… так хутка гэта ўсё стала родным, блізкім і дарагім сэрцу. Зараз не хочацца думаць пра тое, што праз некалькі месяцаў усё гэта скончыцца.

     Універсітэт. Сяброўкі, выкладчыкі, дэкан – гэта тыя людзі, якія дапамагалі, выхоўвалі, вучылі, падтрымлівалі і заўсёды былі побач. Людзі, якія падаравалі шмат яскравых момантаў і чые імёны і вобразы назаўсёды застануцца ў маёй памяці.

     Лекцыі, семінары, практыкі, сустрэчы з рознымі паэтамі і пісьменнікамі  - гэта ўсё тое, што вучыла нас жыццю, паказвала розныя яго бакі.

     Дзякуючы ўсяму гэтаму, я стала адказным, добрасумленным чалавекам, а галоўнае,  я зараз больш упэўнена ў сабе. Гэтыя ўсе якасці былі ў мяне, але за студэнцкія гады яны яшчэ больш раскрыліся.

     І вось прачнуўшыся сёння, праз 5 год, адчуваю –  настрою зноў няма. Вясна. Сонейка свеціць у акно. Я пішу гэтае эсэ, а на душы цяжка. Універсітэт звёў мяне з самымі лепшымі людзьмі, падараваў яскравыя моманты і хутка ўсё гэта знікне ў небыццё.

     Сумна, адначасова весела, вельмі прыемна, што усё гэта было ў маім жыцці…

 



2011 Мае ўніверсітэты. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates