Наведванне Музея рэдкай кнігі


Нам, студэнтам групы БФ-11, вельмі пашанцавала пабываць у Музеі рэдкай кнігі, які размешчаны ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна. Музей змяшчае шмат рэдкіх кніг, кожная кніга мае сваю вельмі цікавую і незвычайную гісторыю. Напрыклад, нам давялося ўбачыць самае ранняе выданне, якое знаходзіцца ў бібліятэцы, – гэта зборнік песень Франчэскі Пятраркі, выдадзены ў 1547 годзе. Нас уразілі кнігі з парыжскай бібліятэкі Напалеона Банапарта, прадстаўленыя ў экспазіцыі. Мне давялося патрымаць у сваіх руках кнігу з гэтай бібліятэкі.  Прайшоўшы праз стагоддзі, кніга і на маіх руках пакінула часцінкі гісторыі. У кнізе змешчаны подпіс самога Напалеона. Нават уявіць цяжка, што  калісьці, два стагоддзі таму назад, трымаў гэтую кнігу Напалеон, а зараз трымаю яе я.

На маю думку, унікальнымі для нашага часу з'яўляюцца творы рускіх пісьменнікаў у перакладзе Ірыны Іванаўны Паскевіч на французскую мову. На выставе экспануецца і другі том М. Гогаля “Мертвые души”. Так, я не памылілася, менавіта другі том, спалены самім аўтарам. Даследчыкі творчасці пісьменніка ўсе ж такі сабралі другі том па чарнавіках Гогаля. На вялікі жаль, гэты том не скончаны, але ўбачыць хоць частку таго, што, як лічылася, загінула ў вогнішчы, вельмі хвалююча. Выстава ўключае таксама раздзел, прысвечаны мініяцюрным выданням. Уявіце: кнігі велічынёю з далонь альбо запалкавы карабок.

Такім чынам, Музей рэдкай кнігі прыадчыніў для нас свае таямніцы. Я ведаю, што абавязкова вярнуся сюды адна ці з сябрамі, і музей гасцінна сустрэне мяне.

                                                                Аўдод Святлана, гр. БФ-11


 



2011 Наведванне Музея рэдкай кнігі. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates