Працяг глыбокай размовы



“Паэт-філосаф, творчасць якога нельга спасцігнуцьць”; “Філолаг з тонкім адчуваннем таямніцы слоў і магутнай здольнасцю іх увасаблення”; “Сучасны літаратуразнаўца нумар адзін”, – гэтыя і іншыя характарыстыкі гучалі ў адрас знакамітага беларускага пісьменніка Алеся Разанава, які на пачатку кастрычніка наведаў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. 

На сустрэчы адбылася першая ў краіне прэзентацыя кнігі перастварэнняў прадмоў і пасляслоўяў вялікага першадрукара “ Францыск Скарына. Маем найбольшае самі.”

Аўтар адразу  растлумачыў назву кнігі: “Мы, беларусы, багатыя і ў, той жа час, бедныя. Мы маем спадчыну, сваю адметную культуру, але не разумеем іх каштоўнасці. Калі не актывізаваць гэты скарб, ён ў хуткім часе знікне зусім. Ажывіце яго!”

Пасля закліку пісьменнік перайшоў да разважанняў пра асобу і творчасць знакамітага першадрукара:  “Францыск Скарына – асветнік свайго часу, але і наша сучаснае жыццё патрабуе асветы. Бо тэксты яго прадмоў усё ж такі далёкія сённяшняму чалавеку: іншая стылістыка, хапае “недагавораных” старонак. Мая роля ў тым, каб  дапамагчы выявіцца гэтым “парасткам”. У поўнай меры ацаніць арыгінальнасць тэкстаў ў паэтычнай асучасненай форме прысутныя змаглі, калі адчулі іх з вуснаў самаго паэта.

Таксама нельга не прыгадаць той цікавасці, якую выклікала асоба самога пісьменніка. Удзельнікі сустрэчы пыталіся пра яго творчы шлях, працэс напісання вершаў, любімыя творы. Гаварылі таксама і пра вечныя тэмы: каханне, прыгажосць, суадносіны душы і цела, ролю чалавека ў гэтым свеце.

Вельмі спецыфічна ўспрымаліся квантэмы – аўтарскі жанр Алеся Разанава. Маленькія памерам, без рыфмы, але прасякнутыя глыбокім сэнсам і адметным імпульсам, яны ўразілі і ўсхвалявалі прысутных.

Напрыканцы сустрэчы творца так адкажа на адно з пытанняў: “ Чаму я пішу? Не ведаю. Гэта тое ж самае, калі б вы задумваліся, чаму робіце наступны крок. Відаць, унутраны чалавек патрабуе слова.”

Хочацца пажадаць, каб пісьменнік і далей крочыў па сваёй  творчай дарозе, бо ўжо пройдзенае ім – гэта вялікі ўклад у спадчыну беларускай літаратуры.

 Н. Печанькова, студэнтка ГДУ імя Ф.Скарыны.

5.10.2017






2011 Працяг глыбокай размовы. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates