Далучэнне да паэзіі
На філалагічным факультэце адбылася творчая сустрэча з журналістам, паэтэсай Дземідзенка Людмілай Віктараўнай. Людміла Віктараўна – вядомы чалавек у нашым горадзе: з 1999 года па 2014 год працавала карэспандэнтам і кіраўніком аддзела навін тэлекампаніі “Нірэя” ў Гомелі. Удзельніца першых беларускіх ток-шоу, першага беларускага тэлевізійнага фестывалю. Аўтар і стваральнік шэрагу рэкламных, тэлевізійных і фестывальных фільмаў. Удзельніца ХV Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі" (Мінск, 2011г.).
Жыццё Людмілы Віктараўны непасрэдным чынам звязана з нашым універсітэтам: з 1977 па 1982 год яна вучылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце па спецыяльнасці “Гісторыя”. Уваходзіла ў літаратурнае аб’яднанне, якім кіраваў паэт і выкладчык Віктар Уладзіміравіч Ярац. Выступала на літаратурных сустрэчах у Гомелі і вобласці. Падчас вучобы ў ГДУ вяла актыўную грамадскую работу, удзельнічала ў конкурсах і выставах, публікавалася ў газеце «Гомельскі ўніверсітэт».
Друкавалася ў газетах "Гомельскі ўніверсітэт», «Вячэрні Гомель», «Гомельскія ведамасці», «Савецкі раён», «Чырвоная змена», «Культура», «Народная газета», «Рэспубліка», часопісе «Дырэктар».
Сёлета ў выдавецтве газеты “Гомельская праўда” пабачыў свет паэтычны зборнік Л. Дземідзенка “Значит – люблю”.
На сустрэчы Людміла Дземідзенка пачытала свае вершы, распавяла пра спецыфіку работы журналіста, падзялілася ўспамінамі пра вучобу ў Гомельскім універсітэце.