ФІЛФАКАЎСКІЯ СУСТРЭЧЫ
Надзвычай цікавая сутрэча адбылася на філалагічным факультэце. Да студэнтаў завіталі: прафесар Лонданскага ўніверсітэта, аўтар грунтоўных манаграфій па беларускай літаратуры Арнольд Макмілін; Наталля Русецкая, паэтка, перакладчыца, даследчыца шматмоўнай даўняй беларускай літаратуры, выкладчыца беларускай літаратуры Люблінскага ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польша); Ірына Шаўлякова, вядомы беларускі крытык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, начальнік упраўлення навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Арнольд Макмілін распавядаў пра сваё знаёмства з беларускімі пісьменнікамі, сваё захапленне беларускай літаратурай, працай над манаграфіямі па беларускай літаратуры. Асабліва ўразіла студэнтаў добрае валоданне прафесарам беларускай мовай. Арнольд Макмілін прадставіў сваю новую кнігу «Рунь», якая пабачыла свет у 2016 годзе і ў якой прааналізавана творчасць 40 маладых беларускіх паэтаў на падставе іх дэбютных зборнікаў, выдадзеных на пачатку ХХІ стагоддзя.
Наталля Русецкая прэзентавала свой новы паэтычны зборнік “Каштаны ў кішэнях”, распавяла пра працу над перакладамі на беларускую мову твораў польскіх паэтаў, пра кафедру беларусістыкі Люблінскага ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польша).
Ірына Шаўлякова падзялілася сваім бачаннем спецыфікі сучаснага літаратуранага працэсу, расказала пра не заўсёды бясхмарныя ўзаемаадносіны аўтараў і крытыкаў.
Студэнты з захапленнем слухалі выступленні шаноўных гасцей, задавалі шмат пытанняў.
Анжэла Мельнікава,
дацэнт кафедры беларускай літаратуры