ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГІ “ТЭОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ”

Дзень чацвёртага траўня запомніцца студэнтам і выкладчыкам філалагічнага факультэта не толькі тэмпературнымі рэкордамі, але таксама і цікавай прэзентацыяй кнігі “Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя”.

З першага погляду падаецца, што падзея гэтая з’яўляецца калі не шэраговай, то будзённай, бо разнастайных дапаможнікаў і слоўнікаў выдаецца зараз вялікае мноства. Але такое меркаванне будзе паверхнасным і памылковым, бо выхад згаданай кнігі можна назваць галоўнай падзеяй апошняга часу для ўсяго айчыннага літаратуразнаўства.

“Тэорыі літаратуры ХХ ст.” – падручнік, напісаны польскімі навукоўцамі Ганнай Бужыньскай і Міхалам Паўлам Маркоўскім. У кнізе падрабязна разглядаюцца ўсе асноўныя з’явы мінулага стагоддзя, датычныя не толькі літаратуры, але і гуманітарыстыкі ўвогуле.

Ініцыятарам з’яўлення беларускамоўнага выдання дадзенага падручніка выступіла Таццяна Нядбай. У ажыццяўленні гэтай ідэі таксама прымалі чынны ўдзел такія перакладчыкі, як Марыя Пушкіна, Святлана Рогач, Марына Шода. Рэдактарам з’яўляецца вядомы навуковец Лявон Баршчэўскі. На нашае шчасце, усе азначаныя асобы змаглі прыехаць у Гомель і падрабязна распавесці аб працэсе працы над кнігай. Так, найбольшую цяжкасць выклікалі разнастайныя навуковыя тэрміны, для многіх з якіх у беларускай мове няма адпаведнікаў. У гэтым выпадку перакладчыкі шукалі патрэбныя словы, абапіраючыся на значэнне тэрміна ў мове-першакрыніцы, ці прыдумвалі пэўныя найменні самастойна. Другой праблемай былі шматлікія цытаты, якія таксама трэба было як мага дакладней перакласці (найлепш, канечне, з мовы арыгінала). Аднак, нягледзячы на некаторыя цяжкасці, падручнік “Тэорыі літаратуры ХХ ст.” нарэшце выйшаў з друку.

Варта трохі распавесці пра само выданне. Кніга налічвае больш за 600 старонак і дае характарыстыку 17 метадам і плыням, а таксама тлумачыць каля 300 тэрмінаў. Канечне, і раней выходзілі беларускамоўныя працы пра такія з’явы, як, напрыклад, гістарызм, семіётыка, структуралізм і інш., аднак ў дадзеным падручніку яны апісаны вельмі падрабязна і прадстаўлены ў пэўнай сістэме. Некаторыя тэарэтычныя звесткі публікуюцца па-беларуску ці не ўпершыню (псіхааналіз, посткаланіялізм і г. д.). Інфармацыя зручна размешчана ў падручніку, маецца шмат зносак і тлумачэнняў на палях. Пасля кожнага раздзела сцісла паўтараюцца асноўныя тэзісы і робяцца высновы.

Прэзентацыя прайшла вельмі цікава. Усе прысутныя маглі задаць пытанні перакладчыкам, удакладніць некаторыя моманты.

Важнасць, высокі ўзровень выдання і грунтоўнасць працы адзначыў у сваім выступленні загадчык кафедры беларускай літаратуры, д.ф.н., прафесар Іван Фёдаравіч Штэйнер.

Аляксандр Дакукін, студэнт 4 курса

 

2011 ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГІ “ТЭОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ”. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates