Секцыя ХLIX студэнцкай навуковай канферэнцыі “Дні студэнцкай навукі: Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства” “Катэгорыя фантастычнага, містычнага і міфалагічнага: аспекты тэорыі і верыфікацыі”

Секцыя  № 2 

“Катэгорыя фантастычнага, містычнага і міфалагічнага: аспекты тэорыі і верыфікацыі”

Кіраўнік секцыі – Брадзіхіна А.В.

 

З 09.04.20 по 30.04.20 праводзіцца ХLIX студэнцкая навуковая канферэнцыя “Дні студэнцкай навукі: Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства”. У гэтым годзе пасяджэнні адбываюцца ў дыстанцыйным рэжыме. Кафедра беларускай літаратуры арганізавала пасяджэнне секцый канферэнцыі.

1 Каменюкова В., магістрант. “Адметнасці падваення мастацкага свету ў рамане Л. Шчэрба «Урб@н.М: адзін дзень не майго жыцця»”. Навуковы кіраўнік ‑ Брадзіхіна А.В. У артыкуле разглядаецца раман Л. Шчэрба «Урб@н.М: адзін дзень не майго жыцця». Робіцца акцэнт на інтэлектуальнасці ў паказе пачуцця кахання як ключавым тэкстаўтваральным прынцыпе твора і павышанай увагі пісьменніцы да сітуацыйнасці (К. Ясперс). Вылучаюцца асноўныя прыкметы метарамана як жанравай формы: наяўнасць умоўнай мяжы паміж аўтарам, героем і чытачом, нелінейная падача інфармацыі, інтэртэкстуальнасць, увядзенне двайніковых пар. Галоўны гульнёвы прыём, выкарыстаны пісьменніцай, – стварэнне пазлаў, мульты-эфектаў на самых розных узроўнях літаратурнага тэксту.

2 Навуменка К., 3 курс. “Рэальны і фантастычны пачаткі ў рамане «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» Л.Рублеўскай”. Навуковы кіраўнік ‑ Брадзіхіна А.В. Даклад прысвечаны аднаму з твораў сучаснай беларускай пісьменніцы Л.Рублеўскай – першаму раману пенталогіі “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”. Робіцца выснова пра спалучэнне фантастычнага і рэальнага пачаткаў у творы і вядучай ролі апошняга, нягледзячы на жанравае вызначэнне твора самой аўтаркай. Галоўнай задумай рамана быў паказ эпохі ХVІІІ стагоддзя, яе нораваў і праблем, а таксама праз вобраз галоўнага героя - сцвярджэнне духоўнага багацця беларусаў. У пісьменніцы добра атрымалася злучыць містычнае, фантастычнае і гістарычны факт для вырашэння сур’ёзных нацыянальных і філасофскіх праблем.

3 Язерская М., 3 курс. “Раман “Мова” В. Марціновіча як узор сучаснай беларускай футуралогіі ”. Навуковы кіраўнік ‑ Брадзіхіна А.В. Даклад прысвечаны аналізу фантастычнага пачатку рамана «Мова» В. Марціновіча. Аўтар даказвае, што пісьменнік спрабуе спалучыць перавагі «лёгкага» фантастычнага жанру з сур’ёзнымі грамадскімі, нацыянальнымі і філасофскімі пытаннямі стварыўшы ўзор літаратуры перасцярогі.

4 Ніцыеўская К., 2 курс. “Дэтэктыў-трылер “Сапежынскі прывід” Тэафіліі Сабоцкай: адметнасці жанру”. Навуковы кіраўнік ‑ Брадзіхіна А.В. Даклад акрэслівае адметнасці жанру дэтэктыва-трылера “Сапежынскі прывід” Тэафіліі Сабоцкай, калектыўнага псеўданіма Адама Глобуса, Міраслава Адамчыка і Максіма Клімковіча. Аповесць спалучае ў сабе як адметнасці жанру дэтэктыва, так і трылера. Ад дэтэктыва яна атрымала наяўнасць загадкі, якая патрабуе ўсебаковага расследавання, нечаканыя павароты сюжэта і фінальнае выкрыццё злачынцы. Ад трылера “Сапежынскаму прывіду” дасталіся асобныя элементы: напружанасць сюжэта, здольнасць выклікаць у чытача жах, саспенс і прыліў эмоцый.

5 Напрэенка В., 2 курс. ““Раман-гульня” “Ноч” В.  Марціновіча як узор мастацкай футуралогіі”. Навуковы кіраўнік ‑ Брадзіхіна А.В. Даклад прысвечаны разгляду жанравых адметнасцей рамана “Ноч” В. Марціновіча, апошняга па часе твора пісьменніка. Аўтар прыходзіць да высновы, што раман можна разглядаць як узор мастацкай футуралогіі, у прыватнасці постапакаліптыкі. Разам з тым твор мае глыбока гуманістычны і антрапацэнтрычны характар.

6 Прахарэнка М., магістрант. “Магічныя метамарфозы ў творах Я.Баршчэўскага”. Навуковы кіраўнік ‑ Штэйнер І.Ф. Даклад прысвечаны аналізу магічных метамарфозаў у творах Я. Баршчэўскага. У тэкстах пісьменніка знайшлі адлюстраванне некалькі прыкладаў трансфігурацыі – здольнасці персанажаў да самастойнага змянення свайго вобліку, а таксама ўзаемадзеяння паміж персанажамі – персанаж ператварае іншага персанажа. Метамарфозы ў некаторых творах Я. Баршчэўскага з’яўляюцца асновай дзеля развіцця сюжэта.

 

2011 Секцыя ХLIX студэнцкай навуковай канферэнцыі “Дні студэнцкай навукі: Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства” “Катэгорыя фантастычнага, містычнага і міфалагічнага: аспекты тэорыі і верыфікацыі”. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates