Секцыя ХLIX студэнцкай навуковай канферэнцыі “Дні студэнцкай навукі: Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства” “Рэцэпцыя, паэтыка, герменеўтыка беларускай літаратуры: гісторыя і сучаснасць”


Секцыя  № 1  

“Рэцэпцыя, паэтыка, герменеўтыка беларускай літаратуры: гісторыя і сучаснасць”

Кіраўнік секцыі –Фіцнер Т.А.

 

 З 09.04.20 по 30.04.20 праводзіцца ХLIX студэнцкая навуковая канферэнцыя “Дні студэнцкай навукі: Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства". У гэтым годзе пасяджэнні адбываюцца ў дыстанцыйным рэжыме. Кафедра беларускай літаратуры арганізавала пасяджэнне секцый канферэнцыі.

1 Таргонская Г., 2 курс. “Чалавечае цела як аб’ект мастацкай рэфлексіі М. Багдановіча”. Навуковы кіраўнік ‑ Брадзіхіна А.В. У артыкуле вызначаюцца адметнасці ўвасаблення паэтыкі цялеснасці ў лірыцы М. Багдановіча. Цялеснасць разглядаецца як катэгорыя філасофіі культуры і з’яўляецца вынікам працэсу антагенетычнага, інтэлектуальна-асабiстага развіцця, якое выяўляе культурныя, індывідуальна-псіхалагічныя і сэнсавыя кампаненты ўнікальнай чалавечай істоты. Зазначаецца, што чалавечае цела задае экзістэнцыйны вектар паэтычнага сусвету М. Багдановiча. Асаблівая ўвага надаецца вобразу цела як аб’екту паэтычнай рэфлексіі.

2 Кавалёў А., 3 курс. “Ідэйна-мастацкія асаблівасці аповесці “Апладненне ёлупа” Ю.Станкевіча”. Навуковы кіраўнік ‑ Брадзіхіна А.В. У артыкуле разглядаюцца ідэйна-мастацкія асаблівасці аповесці “Апладненне ёлупа” Ю.Станкевіча. Асаблівая ўвага нададзена канцэпту “ідал”, адметнасцям рэалізацыі катэгорыі страху і праблеме ўзаемаадносін чалавека і дзяржавы.

3 Батурына Я., 4 курс. “Прыкметы жывёльнай рабінзанады ў прозе А. Наварыча і К. Цвіркі”. Навуковы кіраўнік ‑ Брадзіхіна А.В. Даклад прысвечаны даследаванню жывёльнай рабінзанады ў беларускай прозе. Даследаванне вядзецца на матэрыяле аповесці “Цкаванне вялікага звера” А. Наварыча і рамана “Воўчая выспа” К. Цвіркі. Абапіраючыся на сюжэтную мадэль і генезіс жанру рабінзанады, аўтар спрабуе вызначыць прыкметы гэтай сюжэтнай схемы ў прозе абраных пісьменнікаў. Зроблена выснова, што жывёльная рабінзанада зʼяўляецца ёмістай мастацкай структурай, здольнай уключаць у сябе шырокі ідэйна-маральны сэнс.

4 Якавенка Г., 2 курс. «Чарнобыльская трагедыя ў рамане І.Шамякіна “Злая зорка” і аповесці "Зона павышанай радыяцыі"». Навуковы кіраўнік ‑ Яцухна  В.І. Даклад прысвечаны аналізу асаблівасцей змястоўна-праблемнага напаўнення і мастацкага асэнсавання  гэтых пытанняў у адных з самых першых у беларускай літаратуры твораў на чарнобыльскую тэматыку – рамане "Злая зорка" і аповесці "Зона павышанай радыяцыі" І.П.Шамякіна.

5 Барадзін В., 2 курс. “М.Гарэцкі як пісьменнік “страчанага пакалення””. Навуковы кіраўнік ‑ Фіцнер Т.А. У дакладзе ўзгадваюцца творы М.Гарэцкага, на якія значна паўплывала вайна і якія заснаваны на жыццёвым досведзе аўтара. Творы аўтара пра Першую сусветную вайну асэнсоўваецца ў кантэксце творчасці пісьменнікаў “страчанага пакалення”.

6 Шчарбатая А., 2 курс. “П’еса А.Дударава “Палачанка” як гістарычная драма”. Навуковы кіраўнік ‑ Фіцнер  Т.А. У дакладзе прааналізавана п’еса А.Дударава “Палачанка”. Яе аналіз дазваляе зрабіць выснову, што гэта гістарычная драма; даводзіцца аўтарскае выкарыстанне вобразаў рэальных гістарычных асоб з мэтай драматызацыі пэўнай гістарычнай эпохі і зварот аўтара да вольнай трактоўкі гістарычных падзей.

7 Цапалава А., 2 курс. “Мастацкае адлюстраванне калектывізацыі ў “Палескай хроніцы” І.Мележа”. Навуковы кіраўнік ‑ Фіцнер  Т.А. У дакладзе звернута ўвага на мастацкае асэнсаванне І.Мележам у “Палескай хроніцы” ўспрымання калектывізацыі рознымі яе ўдзельнікамі – сялянамі рознай заможнасці і арганізатарамі з рознымі падыходамі і разуменнем гэтага працэсу.

8 Дзядкова А., 2 курс. “Гумар у паэзіі Н.Гілевіча”. Навуковы кіраўнік ‑ Фіцнер Т.А. Даклад прысвечаны разгляду творчай гумарыстычнай спадчыны Н. Гілевіча. Прааналізаваныя вершы сведчаць, што гумарыстычныя творы аўтара вылучаюцца сваёй непаўторнасцю і ўнікальнасцю, індывідуальнасцю і асаблівым пачуццём гумару.

9 Гарах А., 2 курс. “Духоўны свет жанчыны ў паэзіі Р.Баравіковай”. Навуковы кіраўнік ‑ Фіцнер Т.А. У дакладзе на аснове аналізу зборніка Р. Баравіковай “Рамонкавы бераг” даводзіцца, што паэтка стварыла адметны жаночы лірычны вобраз, якому ўласцівы прага суладдзя і прыгажосці, мяккасць, пачуццёвасць і дабрыня. Лірычная асоба прадстаўлена і як закаханая жанчына, і як малая бесклапотная дзяўчынка. Зазначаецца таксама, што вобраз лірычнай гераіні мае біяграфічную аснову.

10 Дрывайла А., 2 курс. “Жаночыя вобразы ў творчасці П.Броўкі і А.Куляшова”. Навуковы кіраўнік ‑ Фіцнер Т.А. Аналіз жаночых вобразаў у творчасці П. Броўкі і А. Куляшова, дазволіў дакладна вызначыць іх мастацкую функцыю ў творчасці кожнага з аўтараў, адметнасць іх выяўлення.

11 Стома Л., магістрант. “Вытокі гераічнага ў жанчыне (на прыкладзе твораў Васіля Быкава)”. Навуковы кіраўнік ‑ Фіцнер Т.А. У дакладзе на падставе аналізу такіх твораў В.Быкава, як “Бліндаж”, “Сотнікаў”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Мёртвым не баліць”, “Знак бяды”, даводзіцца думка, што галерэя ўвасобленых аўтарам жаночых персанажаў ( і галоўных, і другарадных)  уяўляе сабой узор гераізму, выток якога можна знайсці ў тым, што яны – носьбіты нейкай глыбіннай, генетычнай “народнай праўды”. А таксама ў спрадвечнай народнай міласэрнасці і ўласна жаночай спагадзе. Вытокі гераізму гэтых жанчын – і ў мацярынскім стаўленні да ўсяго жывога. Падчас выбару жанчына ў прозе Быкава не вагаецца. Яна абірае адзіны шлях – чалавечнасць.

 

2011 Секцыя ХLIX студэнцкай навуковай канферэнцыі “Дні студэнцкай навукі: Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства” “Рэцэпцыя, паэтыка, герменеўтыка беларускай літаратуры: гісторыя і сучаснасць”. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates