Пароль - хто такі Лех Валенса?
На філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя кнігі Інесы Плескачэўскай “Без жалезнай заслоны”.
Аўтар – ураджэнка Гомеля. Закончыла філасофскае аддзяленне БДУ. Сем гадоў працавала ў сістэме Міністэрства замежных спраў, у тым ліку ў беларускіх пасольствах у Латвіі і Вялікабрытаніі. Больш за 12 гадоў была карэспандэнтам газеты “СБ. Беларусь сегодня” і АНТ у Кітаі. Зараз – карэспандэнт СБ у Еўрасаюзе.
Аўтар некалькіх кніг і дакументальных фільмаў. Узнагароджана прэміяй “Телевяршыня”. Лаўрэат трох міжнародных журналісцкіх конкурсаў.
У 2018 годзе Інеса Мікалаеўна прэзентавала студэнтам філалагічнага факультэта кнігу «Исторические прогулки с Франциском Скориной», а сёння знаёміць нас з новым творам – “Без жалезнай заслоны”.
Праект “Без жалезнай заслоны” прысвечаны краінам былога сацыялістычнага лагера. Аўтар пабывала ў Германіі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі і Румыніі. Інеса Мікалаеўна расказала пра ідэю праекта, выбар менавіта такіх краін, свае сустрэчы з рознымі асобамі – кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў таго часу, бізнесменамі, эканамістамі, артыстамі і мастакамі, простымі жыхарамі.
Гэта кніга расказвае пра кардынальныя змены ва Усходняй Еўропе, пра тое, як змяніліся палітыка, эканоміка, культура і жыццё простых людзей. Гэта апавяданне пра тое, як гэта – жыць у эпоху перамен, пра тое, што было пасля, пра надзеі, радасці, перамогі і расчараванні.