Каракумскае сонца: старонкі беларуска-туркменскіх сувязей
Даўні сябра нашага ўніверсітэта Алесь Карлюкевіч, нядаўні міністр інфармацыі, дырэктар выдавецкага дома “Звязда”, выдаў новую кнігу пра беларуска-туркменскія сувязі. Сам ён упершыню трапіў у Ажгабат у 1985 годзе. Там пазнаёміўся з вядучымі туркменскімі пісьменнікамі, якія шчыра служаць мастацкаму слову, рупліва працягваюць традыцыі туркменскай літаратуры, пачатак якой у творчасці геніяльнага Махтумкулі Фрагі.
Алесь Мікалаевіч сабраў унікальную бібліятэку, у якую увайшлі сотні туркменскіх кніг. На аснове апошніх ён выдаў сур’ёзную працу пра беларуска-туркменскую літаратурную дружбу, якую прэзентавалі ў сценах ГДУ імя Ф. Скарыны, бо здзіўлены колькасцю туркменскіх студэнтаў, якія навучаліся ў нашай альма-матар. Зусім нядаўна, у лютым бягучага года, убачыла свет новая кніга выдатнага краязнаўцы – “Каракумскае сонца: старонкі беларуска-туркменскіх сувязей”. І ён адразу прыслаў яе на кафедру беларускай літаратуры. Калі хто жадае больш грунтоўна пазнаёміцца з беларуска-туркменскімі літаратурнымі сувязямі, то звяртайцеся ў музей “Alma Mater”.
І.Штэйнер, загадчык кафедры беларускай літаратуры