Студэнты-музейшчыкі ў літаратурным музеі "ALMA MATER"
29 верасня прафесар кафедры беларускай літаратуры А. М. Мельнікава пазнаёміла студэнтаў 2 курса спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” з экспазіцыяй літаратурнага музея “Аlma mater”. У музеі прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя выпускнікам ГДУ, якія праявілі сябе ў мастацкай творчасці, у журналістыцы. Музей складаецца з некалькіх экспазіцый: “Універсітэт літаратурны”, “Універсітэт песенны”. Асобная экспазіцыя музея распавядае пра журналістаў, што атрымалі дыплом у сценах нашай Alma mater.
Асаблівую цікавасць у студэнтаў выклікалі матэрыялы, прысвечаныя выпускнікам 1940-х гадоў. Тады ў педагагічным інстуце імя В. Чкалава вучыліся Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза, Міхась Даніленка, якія атрымалі дыпломы ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Леанід Гаўрылаў і Мікола Сурначоў загінулі, абараняючы радзіму. Класічнай стала славутая балада М. Сурначова “У стоптаным жыце”, дзе паэт прадказаў уласны лёс:
Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да роднага гаю,
Да блізкага дому
Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце –
Ёй не кажыце.
(1941, Заходні фронт).
З вялікай цікаўнасцю студэнты знаёміліся з асабістым архівам паэта Паўлюка Пранузы, якія музею перадала сям’я пісьменніка. Гэта рукапісы, фотаздымкі, кнігі, газеты ваенных гадоў, дзе надрукаваны вершы і артыкулы П. Пранузы. Паўлюк Пранізу прайшоў вайну, распісаўся на Рэйхстагу, а пасля працаваў настаўнікам, журналістам. Хрэстаматыйным стаў верш паэта “Не экскурсантам, а салдатам”:
Не экскурсантам, а салдатам,
Абпаленым агнём баёў,
З гранатамі ды аўтаматам
На дах рэйхстага я ўзышоў.
Глядзеў на ўсход я ў задуменні,
Здалёку бачыў родны край:
Палеткі ў зелені вясенняй,
Свой Гомель, па-над Сожам гай.
Аўтограф гэтага верша зараз таксама знаходзіцца ў музеі “Аlma mater”.
Мікола Сурначоў і Паўлюк Прануза жылі ў адным інтэрнацкім пакоі. Абодва паэты перапісваліся да самай гібелі Міколы Сурначова. Паўлюк Прануза самааддана захоўваў памяць пра сябра. Невыпадкова, што менавіта П. Прануза ўклаў зборнік М. Сурначова “Акопны спеў” (1986), куды ўвайшлі вершы паэта, лісты да яго сяброў, успаміны аб ім. Рабочыя матэрыялы да гэтай кнігі таксама захоўваюцца ў музеі.