АДКРЫЦЦЁ ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ Alma mater




Значная для нашага горада культурная падзея адбылася 26 чэрвеня ў нашым універсітэце: адкрыццё літаратурнага музея “Аlma mater”.

Гомельскі  дзяржаўны  ўніверсітэт нездарма носіць імя Францыска Скарыны. Універсітэт мае сталыя літаратурныя традыцыі, пра якія распавёў ініцыятар стварэння музея, загадчык кафедры беларускай літаратуры, прафесар І. Ф. Штэйнер: “Гісторыя нашай літаратурнай Alma mater бярэ пачатак яшчэ з 1930-х гадоў. У нашай ВНУ вучыліся Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза, якія атрымалі дыпломы ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Леанід Гаўрылаў і Мікола Сурначоў загінулі, абараняючы радзіму. Цяпер ніводная славянская анталогія ваеннай паэзіі ўжо не можа адбыцца без славутай балады М. Сурначова “У стоптаным жыце”. Невыпадкова сам аўтар “Василия Тёркина” А. Твардоўскі перастварыў яе на рускую мову і трагедыйныя радкі твора загучалі ў суладдзі з радкамі “Его зарыли в шар земной”. Вельмі пранікнёна сказаў І. Штэйнер пра Л. Гаўрылава: “Уваходзіны так і засталіся спадчынай. Але і па гэтых творах мы бачым, якога паэта ад нас забрала вайна. Жыццё, смерць і бяссмерце маладога воіна звязаны і з подзігам яго маці, якая ў невыносных умовах захавала на ўласных грудзях сшытачак з творамі сына і яго сціплы здымак, тым самым уратаваўшы яго голас ад векавога забыцця. Маці дала творам сына другое жыццё, дзякуючы яе мацярынскай любасці і веры мы сёння можам ізноў пачуць пранікнёныя вершы яе сына”.

 


 Гомельскі ўніверсітэт даў трох Лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі: І. Шамякіна, К. Кірээнку і М. Башлакова. І. Шамякін пакінуў цікавыя ўспамінамі пра гады навучання ў Гомельскім педінстытуце.

У нашай ВНУ вучыліся такія адметныя і вядомыя пісьменнікі, як В. Ярац, А. Сыс, А. Зэкаў, В. Куртаніч, А. Казлоў, М. Даніленка, Р. Андрэявец, Т. Мельчанка, Н. Шклярава, Э. Акулін, І. Багдановіч, Л. Раманава, А. Мельнікаваў, С. Балахонаў, Зм. Вінаградаў, Г. Нячаева, Г. Лапацін, лідар гурта “Стары Ольса” З. Сасноўскі і інш.

Паказальна, што да мастацкай творчасці ў нашай ВНУ звяртаюцца не толькі філолагі, але і “фізікі” з “матэматыкамі”, не толькі студэнты, але і выкладчыкі, і не абавязкова філолагі. Да прыкладу, акадэмік І. Ф. Харламаў, заснавальнік навуковай школы па  педагогіцы.

Пэўна, ніводная ВНУ Беларусі не ўзгадавала столькі бардаў, колькі  Гомельскі ўніверсітэт: Э. Акулін, Зм. Вінаградаў, А. Мельнікаў, Зм. Сасноўскі, В. Цярэшчанка, Г. Чумакова. Менавіта ў нашай ВНУ быў створаны першы беларускамоўны гурт.

Гісторыя літаратурнай “гомельскай школы” мае некалькі этапаў, узлётаў. Чарговымі, пасля ваеннага, сталі ўваходзіны ў літаратуру новай паэтычнай генерацыі: Т. Мельчанкі, Н. Шкляравай, А. Дуброўскага, С. Крупенькі, М. Башлакова, В. Яраца, В. Стрыжака.

Наступным этапам у гісторыі літаратурнай “гомельскай школы” стала творчасць А. Сыса, А. Казлова, В. Куртаніч, І. Багдановіч, Э. Акуліна.

1990-я гады – чарговая хваля таленавітых творцаў: Л. Раманава, А. Мельнікаў, З. Вінаградаў, З. Сасноўскі, С. Балахонаў, В. Цярэшчанка.

Нашы спадзяванні сёння на А. Бараноўскага, Г. Новік, С. Кацюргіну, М. Маліноўскую, Я. Малевіча, Н. Філон, якія, будучы студэнтамі ГДУ выдалі 11 зборнікаў!

Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны работам выкладчыкаў ўніверсітэта і навуковай дзейнасці кафедры беларускай літаратуры. Кафедрай праводзіцца значная работа па вывучэнні  жыцця і творчасці нашых славутых землякоў. Увогуле, рэгіянальныя даследаванні, асэнсаванне творчасці пісьменнікаў Гомельшчыны, – адзін з вызначальных напрамкаў дзейнасці кафедры. Сістэматычна праводзяцца Міжнародныя навуковыя канферэнцыі “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры”, удзел у якой прымаюць вядучыя навукоўцы не толькі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, але і славісты Германіі, Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі, Славеніі, Англіі. Дарэчы, чарговая канферэнцыя мае адбыцца ў верасні гэтага года.

Ганаровымі гасцямі на адкрыцці музея былі пісьменнікі – выпускнікі ўніверсітэта розных гадоў: і сталыя творцы і маладыя аўтары. Так што фонды музея абавязкова будуць папаўняцца. І. Ф. Штэйнер падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за падтрымку і дапамогу ў стварэнні музея.

Анжэла Мельнікава

 

 


 

2011 АДКРЫЦЦЁ ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ Alma mater. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates