Сустрэча з рэдактарамi
29 кастрычніка на філалагічным факультэце адбылася сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў з супрацоўнікамі рэдакцыйна-выдавецкай установы “Звязда”. З творчым дэсантам у Гомель завіталі: галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Дзянісава, рэдактар аддзела прозы часопіса “Нёман” Алег Ждан, супрацоўнік газеты “Літаратура і мастацтва” Марыя Войцік, уласны карэспандэнт газеты “Звязда” па Гомельскай вобласці Ірына Асташкевіч.
Святлана Дзянісава расказала прысутным пра гісторыю часопіса “Маладосць”, які нядаўна адзначыў 60-годдзе, запрасіла маладых аўтараў да супрацоўніцтва. Дарэчы, дзевяты нумар часопіса за гэты год быў прысвечаны Гомельшчыне, аўтарамі гэтага нумара сталі студэнты і нядаўнія выпускнікі філалагічнага факультэта нашага ўніверсітэта. Прысутным быў прадстаўлены пілотны нумар адноўленага часопіса “Бярозка”.
Алег Ждан, які з’яўляецца вядомым празаікам, займальна распавёў пра свой няпросты творчы шлях, пазнаёміў слухачоў з канцэпцыяй і планамі часопіса “Нёман”, які выходзіць на рускай мове.
Марыя Войцік расказала пра газету “Літаратура і мастацтва”, у якой часта публікаюцца матэрыялы выкладчыкаў і студэнтаў ГДУ.
Ірына Асташкевіч у інтэрактыўнай форме азнаёміла прысутных з гісторыяй і планамі газеты “Звязда”. Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі сувеніры з лагатыпам газеты.
Госці наведалі літаратурны музей, які створаны пры кафедры беларускай літаратуры.