Сустрэча з вядомым беларускім паэтам-авангардыстам Віктарам Жыбулям
28-га кастрычніка да філолагаў завітаў вядомы беларускі паэт-авангардыст Віктар Жыбуль. Сустрэча доўжылася паўтары гадзіны і мела ўсе шанцы працягнуцца больш, каб не ліміт часу. Выступ спадара В. Жыбуля насамрэч быў вельмі яркім, насычаным, жывым і нязмушаным, а сам творца здзівіў і захапіў аўдыторыю неверагодным артыстызмам і адсутнасцю банальнасцяў пры выкананні ўласных вершаў, што дзіўным чынам спалучылася са сціплай манерай адказваць на пытанні. Якіх, дарэчы, было сапраўды шмат, прычым іх тэматычны дыяпазон вагаўся ад простага “Ці ёсць у Вас вершы, прысвечаныя дзецям?” да дзёрзкага “Ці пагадзіліся б Вы быць тамадой?”
Сам паэт пасля сустрэчы прызнаўся, што яму спадабалася зацікаўленасць прысутных і быў удзячны за запрашэнне.