ЮБІЛЕЙ ВЫПУСНІКА НАШАЙ ALMA MATER
Студэнты групы БФ-11 наведалі ўрачыстае мерапрыемства, праведзенае цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. Герцэна і прымеркаванае да 75-гадовага юбілею колішняга выпусніка нашай Аlma mater Міхася Болсуна.
Міхась Болсун нарадзіўся ў 1942 года ў вёсцы Балсуны Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Піша на беларускай мове. Выдаў кнігі паэзіі «Яблыня ў фаце», «Там, дзе задумлівы Сож», «Спатканне з поўняй», «Пад сузор’ем дабрыні», дакументальную кнігу «Чачэрскі след у навуцы». З’яўляецца ўкладальнікам і адным з аўтараў паэтычнага зборніка літаратараў Чачэрскага раёна «Далоні цёплыя зямлі».
Працоўнае жыццё М. Болсуна звязана з журналістыкай. Ён з’яўляўся намеснікам рэдактара чачэрскай райгазеты, галоўным рэдактарам буда-кашалёўскай раёнкі, працаваў старшым рэдактарам і загадчыкам аддзела ў Гомельскім абласным тэлерадыёаб’яднанні.
Матэрыялы, прысвечаныя Міхасю Болсуну, прадстаўлены ў літаратурным музеі, які створаны на філалагічным факультэце нашага ўніверсітэта.
Кафедра беларускай літаратуры віншуе Міхася Болсуна з юбілеем.
Куратар гр. БФ-11 Анжэла Мельнікава