ФІЛФАКАЎСКІЯ СУСТРЭЧЫ
- Подробности
- Просмотров: 1130
Надзвычай цікавая сутрэча адбылася на філалагічным факультэце. Да студэнтаў завіталі: прафесар Лонданскага ўніверсітэта, аўтар грунтоўных манаграфій па беларускай літаратуры Арнольд Макмілін; Наталля Русецкая, паэтка, перакладчыца, даследчыца шматмоўнай даўняй беларускай літаратуры, выкладчыца беларускай літаратуры Люблінскага ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польша); Ірына Шаўлякова, вядомы беларускі крытык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, начальнік упраўлення навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Арнольд Макмілін распавядаў пра сваё знаёмства з беларускімі пісьменнікамі, сваё захапленне беларускай літаратурай, працай над манаграфіямі па беларускай літаратуры. Асабліва ўразіла студэнтаў добрае валоданне прафесарам беларускай мовай. Арнольд Макмілін прадставіў сваю новую кнігу «Рунь», якая пабачыла свет у 2016 годзе і ў якой прааналізавана творчасць 40 маладых беларускіх паэтаў на падставе іх дэбютных зборнікаў, выдадзеных на пачатку ХХІ стагоддзя.
Наталля Русецкая прэзентавала свой новы паэтычны зборнік “Каштаны ў кішэнях”, распавяла пра працу над перакладамі на беларускую мову твораў польскіх паэтаў, пра кафедру беларусістыкі Люблінскага ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польша).
Ірына Шаўлякова падзялілася сваім бачаннем спецыфікі сучаснага літаратуранага працэсу, расказала пра не заўсёды бясхмарныя ўзаемаадносіны аўтараў і крытыкаў.
Студэнты з захапленнем слухалі выступленні шаноўных гасцей, задавалі шмат пытанняў.
Анжэла Мельнікава,
дацэнт кафедры беларускай літаратуры
МІЖНАРОДНЫ НАВУКОВЫ ФОРУМ
- Подробности
- Просмотров: 1217
Імя народнага пісьменніка Беларусі акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменкі (1925-2006) займае годнае месца ў гісторыі нацыянальнай літаратуры і культуры. Памяць пра ўдзельніка партызанскага руху і франтавіка, заслужанага дзеяча навукі, старшыню Вярхоўнага савета БССР (1985-1990), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалера пяці ордэнаў захоўваецца і на яго радзіме.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны сумесна з Гомельскім філіялам НАН Беларусі у кастрычніку 2016 года правялі чарговыя Міжнародныя навуковыя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечаныя памяці Івана Навуменкі.
I. Я. Навуменка – асоба шматгранная: пісьменнік, вучоны, педагог, аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых манаграфій, зборнікаў крытычных артыкулаў.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя з Украіны, Польшчы, Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі.
Пастаяннымі удзельнікамамі канферэнцыі з’яўляюцца Гун-Брыт Колер, прафесар, загадчык кафедры славянскіх літаратур Ольдэнбургскага ўніверсітэта (Германія), а таксама прафесар Лонданскага ўніверсітэта, аўтар грунтоўных манаграфій па беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. Прафесар Гун-Брыт Колер і прафесар Арнольд Макмілін выступілі з дакладамі па-беларуску, што для прысутных на пленарных паседжаннях студэнтаў стала моцным выхаваўчым аргументам.
Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя 7 тома збору твораў І. Навуменкі.
Анжэла Мельнікава,
дацэнт кафедры беларускай літаратуры
Славянскія літаратурныя дажынкі – 2015
- Подробности
- Просмотров: 1076
5 лістапада 2015 года «Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка ім. У.І. Леніна» правяла міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі – 2015». Удзельнікі свята назвалі яго фестывалем кнігі, творчасці і цеплыні. Праводзіцца гэта мерапрыемства ўжо ў 8 раз, але ў гэтым годзе яно супала з 10-ці годдзем «Саюза пісьменнікаў Беларусі».
Фестываль сабраў пісьменнікаў трох краін: Украіны, Расіі і Беларусі. Добрай традыцыяй такога мерапрыемства з’яўляецца «запальванне агня сяброўства».
Гісторыя пад знакам Ката
- Подробности
- Просмотров: 1890
Любая больш-менш важная падзея для гісторыі мае сваю вагу ў выглядзе дат, імёнаў, малюнкаў, тэкстаў, шыфраў, пароляў, кодаў і г.д. Як удзельнікі і галоўныя ініцыятары з’яўлення на свет кожнай з такіх падзей, мы маем асаблівую сувязь з імі, вядомую толькі нам самім.
Пра якую сувязь я збіраюся распавесці вам у артыкуле з такой дзіўнай назвай? Пра гэта вядома аднаму Богу ды хіба што яшчэ прафесару Івану Фёдаравічу Штэйнеру – загадчыку кафедры беларускай літаратуры, які некалькі дзён таму ў памяшканні чытальнай залі бібліятэкі ГДУ прэзентаваў сваю кнігу “Кот-ваявода”. Падзея гэта вартая ўвагі хаця б таму, што прайшла яна ў незвычайны дзень – пятніцу трынаццатага. Ды і сам прафесар – асоба незвычайная. Хто бываў на кафедры і бачыў там ката, які стаіць на стале пасярод памяшкання, пацвердзіць гэта. Сярод студэнтаў-філолагаў ходзіць думка, што ён вельмі падобны да Івана Фёдаравіча, амаль адзін у адзін. Супадзенне? Не думаю!
Але я крыху адхілілася ад тэмы. Прэзентацыя, між іншым, прайшла пры поўным аншлагу, сам прыгажун-прафесар у вышыванай сарочцы ззяў, як майская зорка на небе, а пахвалам “Кату-ваяводзе” не было межаў. Са словамі падзякі за неардынарную творчасць выступілі дэкан біялагічнага факультэта прафесар Віктар Сяргеевіч Аверын, рэжысёр Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Багдан Арлоўскі, паэт Сяргей Краснабарод, выкладчыца кафедры рускай і сусветнай літаратуры Наталля Уладзіміраўна Суслава.
І нават падарункі прафесару Штэйнеру дастаюцца незвычайныя: у сваёй прамове ён мімаходам узгадаў згублены ім Parker (прафесары заўсёды такія летуценныя!), а сябры творцы па грэка-рымскай барацьбе пасля палымянай оды ў гонар спартсменаў і лірыкаў падарылі яму футбольны мяч, які Іван Фёдаравіч тут жа пусціў у ход – “не адыходзячы ад касы”.
Не ведаю, ці казаў хто-небудзь прафесару, што ён заўзяты постмадэрніст, але нават гэтая рыса яго творчай манеры, на мой погляд, пацвярджае незвычайнасць асобы аўтара. Як было агучана падчас прэзентацыі, кніга “Кот-ваявода” напісана на трох мовах: беларускай, рускай і лацінскай (чытаць можна каму на якой зручней) – і гэта не ўлічваючы англамоўныя словы і выразы, раскіданыя па ўсёй кнізе ў хаатычным парадку. Сюды яшчэ можна дадаць безліч рэмінісцэнцый і цытат з творчасці розных знакамітых пісьменнікаў і філосафаў (Эразм Ратэрдамскі, Плутарх, Францыск Скарына, Вальтэр, Ян Баршчэўскі, Кандрат Крапіва і г.д.). Памножце ўсё гэта на зварот да фальклорнай спадчыны беларусаў, сакавітую народную мову і вы атрымаеце жорсткі постмадэрнісцкі “замес” філасофіі і поп-культуры: хочаце чытайце байку, хочаце – філасофствуйце – каму што больш падабаецца.
А я тым часам чакаю ўжо агучаных Іванам Фёдаравічам новых кніг у колькасці шэсць штук, якія ён, як сапраўдны творца ХХІ стагоддзя, піша адначасова.
P. S. А на вокладку кнігі ўсё-ткі трэба было пасадзіць калі не самога Штэйнера, дык хаця б пузатага ката з кафедры беларускай літаратуры. Так было б больш каларытна.
Крысціна Бандурына
Сустрэча з вядомым беларускім паэтам-авангардыстам Віктарам Жыбулям
- Подробности
- Просмотров: 1599
28-га кастрычніка да філолагаў завітаў вядомы беларускі паэт-авангардыст Віктар Жыбуль. Сустрэча доўжылася паўтары гадзіны і мела ўсе шанцы працягнуцца больш, каб не ліміт часу. Выступ спадара В. Жыбуля насамрэч быў вельмі яркім, насычаным, жывым і нязмушаным, а сам творца здзівіў і захапіў аўдыторыю неверагодным артыстызмам і адсутнасцю банальнасцяў пры выкананні ўласных вершаў, што дзіўным чынам спалучылася са сціплай манерай адказваць на пытанні. Якіх, дарэчы, было сапраўды шмат, прычым іх тэматычны дыяпазон вагаўся ад простага “Ці ёсць у Вас вершы, прысвечаныя дзецям?” да дзёрзкага “Ці пагадзіліся б Вы быць тамадой?”
Сам паэт пасля сустрэчы прызнаўся, што яму спадабалася зацікаўленасць прысутных і быў удзячны за запрашэнне.
Еще статьи...
Подкатегории
-
Состав кафедры
- Кол-во материалов:
- 1
-
О кафедре
- Кол-во материалов:
- 1
-
Учебные дисциплины
- Кол-во материалов:
- 1
-
Новости кафедры
- Кол-во материалов:
- 106
-
Научная деятельность кафедры
- Кол-во материалов:
- 12
-
Научные публикации
- Кол-во материалов:
- 10
-
Вучэбна-навуковая лабараторыя
- Кол-во материалов:
- 1
-
Выхаваўчая работа
- Кол-во материалов:
- 23
-
Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя літаратурнага краязнаўства
- Кол-во материалов:
- 1
-
Літаратурны музей “Аlma Mater»
- Кол-во материалов:
- 1
-
Філіялы кафедры
- Кол-во материалов:
- 2