Алімпіяда па беларускай мове
- Подробности
- Просмотров: 481
Правядзенне алімпіяд па мове і літаратуры ўжо стала штогадовай традыцыяй на філалагічным факультэце.
15.03.2021 сярод студэнтаў трэцяга курса пад кіраўніцтвам Н.П. Цімашэнка была праведзена алімпіяда па беларускай мове, якая дазволіла нашым навучэнцам праявіць свае лінгвістычныя здольнасці. Граматы і салодкія падарункі знайшлі сваіх уладальнікаў:
Ніцыеўскую Катрын і Дзядкову Алесю ( 1 месца ),
Шчарбатую Ангеліну ( 2 месца ),
Напрэенка Вікторыю і Дземідовіч Вераніку ( 3 месца ) .
Студэнткі атрымалі граматы з рук дэкана філалагічнага факультэта Алены Мікалаеўны Палуян, якая пажадала ім далейшай плённай працы. Новых перамог вам, дзяўчаты!
З натхненнем у падарожжа, або сустрэча з І.Плескачэўскай
- Подробности
- Просмотров: 344
16 сакавіка студэнты філалагічнага факультэта групы БФ-21 разам з дэканам Палуян А.М. наведалі абласную бібліятэку, дзе адбылася прэзентацыя кніг Інесы Плескачэўскай “Без железного занавеса” і “Как разгадать Китай”.
Інеса Мікалаеўна Плескачэўская – ураджэнка Гомеля. Закончыла філасофскае аддзяленне БДУ. Сем гадоў працавала ў сістэме Міністэрства замежных спраў, у тым ліку ў беларускіх пасольствах у Латвіі і Вялікабрытаніі. Больш за 12 гадоў была карэспандэнтам газеты “СБ. Беларусь сегодня” і АНТ у Кітаі. Зараз – карэспандэнт СБ у Еўрасаюзе. Аўтар некалькіх кніг і дакументальных фільмаў. Узнагароджана прэміяй “Телевяршыня”. Лаўрэат трох міжнародных журналісцкіх конкурсаў.
У аснове кнігі “Как разгадать Китай” – аўтарскія калонкі і артыкулы, якія публікаваліся на старонках газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Аўтар спрабуе даць адказ на пытанне – як зразумець краіну і спасцігнуць кітайскую душу, загадкавую, незразумелую і таямнічую? На думку дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя А.А. Тозіка, кніга Інесы Мікалаеўны – выдатны дадатак навуковага кітаязнаўства. Спасцігнуць кітайскую душу не-кітайцу немагчыма, але кніга І. Плескачэўскай і змешчаныя ў ёй ілюстрацыі таленавітага фотамастака Міхаіла Пеньяўскога дапамогуць прайсці значную частку шляху ў гэтым кірунку.
Праект “Без железного занавеса” прысвечаны краінам былога сацыялістычнага лагера. Аўтар пабывала ў Германіі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі і Румыніі. Інеса Мікалаеўна расказала пра ідэю праекта, выбар менавіта такіх краін, свае сустрэчы з рознымі асобамі – кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў таго часу, бізнесменамі, эканамістамі, артыстамі і мастакамі, простымі жыхарамі.
Гэта кніга расказвае пра кардынальныя змены ва Усходняй Еўропе, пра тое, як змяніліся палітыка, эканоміка, культура і жыццё простых людзей. Гэта апавяданне пра тое, як гэта – жыць у эпоху перамен, пра тое, што было пасля, пра надзеі, радасці, перамогі і расчараванні.
А. Палуян, дэкан філалагічнага факультэта
Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзялілася студэнтка 2 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Таццяна Пімінёнкава:
Некалі М.Твэн слушна заўважыў: “Падарожнічаць неабходна тым, хто вучыцца”. Мне здаецца, што гэта адзін з матываў сустрэчы І.Плескачэўскай з чытачамі. Эмацыйная, натхняльная, з высокім узроўнем інтэлекту жанчына захапіла ўсю залу аповедамі пра напісанне, выданне і сутнасць сваіх кніг, пра краіны, дзе яна жыла, ды і ўвогуле пра жыццё.
Нездарма кажуць, што выдатны чалавек выдатны ва ўсім. Гэта пра Інесу Мікалаеўну. Яе кнігі адчыняюць дзверы ў цудоўныя краіны, якія мы не разумелі або ехалі туды, не ведаючы гісторыі. Чалавек-адкрыццё, жанчына-энцыклапедыя – усё гэта так арганічна спалучылася ў адным чалавеку. Хачу адзначыць, што на прэзентацыі многіх кніг слухач, асабліва студэнт, страчвае цікавасць пасля 30 хвілін, але гэтага не адбылося на сустрэчы з І.М. Плескачэўскай. Сапраўднае дзіва: сядзець і слухаць чалавека з такой натхнённасцю і ўдзячнасцю за тыя кнігі, якія могуць даваць іншым людзям новыя эмоцыі і веды. Яе стрыманасць, уменне падаць сябе і нават тэмбр голасу заварожвае, з першых хвілін стварае атмасферу душэўнасці і шчырасці.
Казаць можна шмат, але лепш прачытаць і натхніцца. Вельмі ўдзячная І.Плескачэўскай за сустрэчу, яе справу і маральнае задавальненне.
Універсітэцкая субота
- Подробности
- Просмотров: 355
27 лютага 2021 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Універсітэцкія суботы” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічалі вучні 10-11 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 39 г. Гомеля”. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта А.М Палуян і намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў.
Конкурс чытальнікаў
- Подробности
- Просмотров: 477
24 лютага 2021 года ў рамках тыдня беларускай мовы на філалагічным факультэце ў аўд. 2-12 адбыўся конкурс вершаў, прысвечаны Міжнароднаму Дню роднай мовы.
Конкурс вершаў быў праведзены сярод беларускіх студэнтаў групы БФ-31 пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры беларускай мовы З.У. Шведавай. Студэнты падрыхтавалі вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мілагучнай беларускай мове, беларускаму слову. У якасці гасцей на конкурс былі запрошаны кітайскія магістранты, якія выказалі цікавасць і захапленне гучаннем беларускай мовы. Уздзеянне на слухача аказалі вершы, прачытаныя студэнтамі Шчарбатай Ангелінай, Дзядковай Алесяй, Таргонскай Ганнай, Дубінай Лідзіяй, Барадзін Веранікай, Напрэенка Вікторыяй і Цапалавай Ангелінай.
Журы ў складзе д.ф.н. праф. В.А. Ляшчынскай і к.ф.н. дац. Паплаўнай Л.В. прысудзіла:
дыплом І ступені Шчарбатай Ангеліне,
дыплом ІІ ступені – Дзядковай Алесі,
дыплом ІІІ ступені – Таргонскай Ганне.
Лепшыя чытальнікі былі ўзнагароджаны невялікімі прызамі.
Дзякуем усім удзельнікам!
Майстар-клас “Структура і прызначэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, агульныя падыходы да выкарыстання навучальных модулей па беларускай мове і беларускай літаратуры”
- Подробности
- Просмотров: 0
12 лютага 2021 года студэнты групы БФ-31 пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры беларускай мовы З.У. Шведавай, а таксама дэкан факультэта А.М. Палуян і выкладчыкі-метадысты д.ф.н. праф. В.А. Ляшчынская і к.ф.н. дац. А.В. Брадзіхіна паўдзельнічалі ў майстар-класе “Структура і прызначэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, агульныя падыходы да выкарыстання навучальных модулей па беларускай мове і беларускай літаратуры”, праведзеным настаўнікам-метадыстам беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 6 г. Рагачова» Бедняковай Ірынай Валянцінаўнай. Майстар-клас праходзіў у рамках XІІІ Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі «Сучасная адукацыя: пераемнасць і неперарыўнасць адукацыйнай сістэмы «ШКОЛА – УНІВЕРСІТЭТ – ПРАДПРЫЕМСТВА», арганізаванай ГДУ імя Ф.Скарыны.
Майстар-клас даў магчымасць нашым студэнтам – будучым настаўнікам – даведацца аб працы адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, якая пачалася з 1 студзеня 2021 года, пазнаёміцца з яго структурай і магчымасцямі. На рэсурсе размешчаны камплекты вучэбна-метадычных матэрыялаў па ўсіх вучэбных прадметах, якія ўключаюць відэафрагменты з тлумачэннем вучэбнага матэрыялу і тэставыя заданні для самаправеркі ведаў і ўменняў. Бібліятэка вучэбных матэрыялаў структуравана па вучэбных прадметах, класах, тэмах вучэбнай праграмы па прадмеце і будзе паступова папаўняцца новымі матэрыяламі.
Настаўнік-метадыст І.В. Беднякова паказала, як карыстацца адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсам, запрасіла да супрацоўніцтва.
Дзякуем арганізатарам канферэнцыі за запрашэнне такіх цудоўных настаўнікаў-метадыстаў і непасрэдна Ірыне Валянцінаўне за слушную і карысную інфармацыю, якая дапаможа нашым студэнтам больш якасна рыхтаваць канспекты ўрокаў па беларускай мове і літаратуры, а ў будучым праводзіць гэтыя ўрокі з магчымасцю выкарыстання разнастайных форм працы.