Маляўнічае свята “Каляды”

11 снежня 2019 года ў актавай зале Славянскай бібліятэкі адбылося маляўнічае свята “Каляды”, якое падрыхтавалі студэнты групы ГР-21 геолага-геаграфічнага і студэнты групы БФ-21  філалагічнага факультэтаў ГДУ імя Ф.Скарыны пад кіраўніцтвам прафесара кафедры рускай і сусветнай літаратуры Новак Валянціны Станіславаўны і дацэнта кафедры беларускай мовы Вяргеенка Святланы Анатольеўны.

Студэнты-геолагі Артур Самусеў, Юлія Катлярова, Станіслаў Голубеў, Антон Бурлевіч, выступаючы ў ролі вядучых, пазнаёмілі гледачоў са структурай калядна-навагодняй абраднасці, прывялі цікавыя прыклады пра святкаванне Каляд у некаторых раёнах рэгіёнаў Беларусі, паведамілі цікавыя звесткі пра тое, як спраўляліся тры куцці і якія ў народзе прыкметы і павер’і былі звязаны з Першай, Другой і Трэцяй куццёй.

На сцэне арганічна “ўпісаліся” ў свае ролі  гаспадара і гаспадыні, іх дачкі  Арцём Фурсевіч, Аляксандра Карнеева, Вольга Гулай. Каларытнымі былі і персанажы дзеда-павадыра і “казы”, ролі якіх выконвалі Ігар Сацукевіч і Мікіта Фількоў.

Развесялілі гледачоў і непаўторныя вобразы пераапранутых калядоўшчыкаў – Кірыла Кірыленкі, Ігара Кірэева, Алега Лісіцкага, Ягора Сцепаненкі і Паўла Лукашэвіча. Выдатна абыгралі свае ролі -- цыганкі і чорта -- Яна Сафановіч і Вячаслаў Лунёў. 

Усе абрадавыя дзеянні, якія разыгрывалі студэнты-геолагі, гарманічна  дапаўняліся спевамі студэнтаў-філолагаў Аляксандры Дрывайлы, Веранікі Дземідовіч, Лідзіі Дубінай і Марыі Кочкінай.  Варта  адзначыць вялікую ролю ў падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства студэнткі групы БФ-21 Аляксандры  Дрывайлы, якая актыўна дапамагала ў напісанні сцэнарыя і правядзенні рэпетыцый.

Заключным акордам калядных святкаванняў  у Славянскай бібліятэцы было выступленне  студэнта групы  ГР-21 Джайхуна Сараева, які  пазнаёміў прысутных з асаблівасцямі святкавання Новага года  (“Новруз”) ў Туркменістане. Сваё выступленне Джайхун суправаджаў цікавай прэзентацыяй.

Гледачы былі ўзрушаны шчырасцю, душэўным цяплом студэнтаў, якія так натхнёна імкнуліся данесці да аўдыторыі подых мінулага продкаў, абудзіць цікавасць да векавых традыцый. З вуснаў маладых людзей так натуральна гучала беларуская мова, і гэта зачароўвала  прысутных, якія дзякавалі студэнтам і выкладчыкам за радасць далучэння  да крыніц народнай мудрасці, за тое, што была такая цудоўная нагода прычасціцца да роднага слова.

 

2011 Маляўнічае свята “Каляды”. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates