Стварэнне энцыклапедыі духоўнага жыцця Гомельшчыны працягваецца
Убачыла свет чарговая кніга з серыі “Мая малая радзіма”, прысвечаная традыцыйнай народнай культуры беларусаў Брагіншчыны – “Зямля ў сонечных далонях” (аўтары-ўкладальнікі В.С. Новак, У.І. Коваль,А.А. Кастрыца, В.К. Шынкарэнка, Т. М. Дубяк і інш.). Традыцыі і абрады, прыкметы і павер’і, замовы і міфалагічныя апавяданні, зафіксаваныя падчас палявых экспедыцый, расповеды пра знакамітых людзей Брагіншчыны і яе гістарычны лёс, расказаныя ўраджэнцамі раёна, а таксама літаратурная і гістарычная спадчына, моўныя даследаванні знайшлі сваё адлюстраванне на старонках кнігі. Аўтары артыкулаў, змешчаных на старонках гэтага комплекснага выдання, унеслі вялікі ўклад у справу захавання і папулярызацыі народнай культуры. І гэта невыпадкова, паколькі ёсць у чалавека такая місія – любіць Радзіму і народ.