Фотавыстава Ежы Маеўскага “Як фенікс з попелу”
- Подробности
- Просмотров: 1069
4 лютага бягучага года ў Гомельскім абласным музеі адбылося адкрыццё фотавыставы варшаўскага фатографа і журналіста Ежы Маеўскага “Як фенікс з попелу”. Паколькі аўтарскія правы выставы выкуплены аддзяленнем пасольства Рэспублікі Польшча – Польскім Інстытутам у Мінску, – падобныя мерапрыемствы адбыліся ў некалькіх гарадах рэспублікі. Адкрываючы выставу ў Гомелі, аўтар здымкаў пазнаёміў гасцей з выявамі даваеннай Варшавы, паказаў гістарычныя фота разбуранай немцамі сталіцы і адноўленага пасля вайны галоўнага горада Польшчы. На сустрэчы прысутнічалі, у асноўным, выкладчыкі розных кафедр ГДУ імя Ф. Скарыны: А.Д. Лебедзеў, Н.А. Сіротка, Р.У. Серыкаў са сваімі студэнтамі.
Наведванне абласной бібліятэкi
- Подробности
- Просмотров: 1046
19.11.2015 г. студэнты першага курса філалагічнага факультэта (гр. БФ-11) пад кіраўніцтвам Цімашэнка Наталлі Паўлаўны наведалі абласную бібліятэку імя У.І.Леніна (Музей рэдкай кнігі).
Мы атрымалі вялікае задавальненне ад гэтай цікавай і пазнавальнай для нас экскурсіі. Знаёмства са старажытнымі кнігамі, што з’явіліся шмат стагоддзяў назад, агляд кніг, якія складаюць калекцыю князёў Паскевічаў, – усё гэта застанецца ў нашай памяці. Мы вельмі ўдзячны за гэта нашаму выкладчыку Цімашэнка Н.П., якая выкладае ў нас “Беларускую палеаграфію”, за тое, што яна прапанавала нам гэтую экскурсію.
БФ-11
Вынікi педагагічнай практыкі - 2015
- Подробности
- Просмотров: 1309
18 лістапада 2015 года на філалагічным факультэце ў студэнтаў 5 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” адбылася канферэнцыя па выніках педагагічнай практыкі, на якой прысутнічалі студэнты 4 курса. Практыка праходзіла ў шасці школах горада, дзве з якіх з’яўляюцца гімназіямі. Прадстаўнікі ад кожнай групы студэнтаў выказалі задавальненне базай практыкі, падзяліліся сваімі цяжкасцямі і радасцямі ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў і напісання псіхолага-педагагічнай характарыстыкі на клас, шкадавалі, што практыка доўжыцца толькі адну чвэрць. У ходзе практыкі амаль усе студэнты ўпэўніліся ў правільным выбары сваёй будучай прафесіі і выказалі сваю любоў да дзяцей і жаданне працаваць у школе. Факультэцкі кіраўнік З.У. Шведава падвяла вынікі практыкі, падзякавала ўсім за добрую працу і агучыла ацэнкі, сярод якіх пераважаюць адзнакі ў 10 і 9 балаў. Па выніках практыкі быў аб’яўлены конкурс на лепшую прэзентацыю. Прадставілі сваё бачанне практыкі амаль усе групы студэнтаў. Усе прэзентацыі былі цікавымі, і кожная нечым уразіла. Бездакорнай па змесце і афармленні была прэзентацыя групы, якая праходзіла практыку ў СШ №8 г. Гомеля. Прэзентацыя групы, якая праходзіла практыку ў СШ №22 г. Гомеля, уразіла ўласным вершам аб ходзе практыкі.
VІ Міжнародная навуковая канферэнцыя "Скарына i наш час"
- Подробности
- Просмотров: 2239
У пятніцу, 6 лістапада 2015 года, кафедра беларускай мовы ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” і Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Францыска Скарыны праводзяць VІ Міжнародную навуковую канферэнцыю “Скарына і наш час”.
У канферэнцыі прымаюць удзел навукоўцы, даследчыкі, выкладчыкі, у сферы навуковых інтарэсаў якіх – гісторыя славянскіх народаў і моў, славянскія мовы і літаратуры, фальклор, міжмоўная камунікацыя.
Плануецца абмеркаванне актуальных пытанняў сучаснай філалогіі, сярод якіх: эпоха і справы Францыска Скарыны, традыцыі Францыска Скарыны, нацыянальная мова ў гістарычна-культурным працэсе, праблемы сучаснай дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, вывучэнне розных узроўняў беларускай літаратурнай мовы, беларуская лексікаграфія, актуальныя пытанні анамастыкі, моўныя кантакты, дыскусійныя пытанні этналінгвістыкі, мова і сродкі масавай камунікацыі, пераклад і інтэрпрэтацыя тэксту, стылістыка мастацкага слова, праблемы літаратуразнаўства, фальклор і мастацтва.
Распачнецца навуковы форум з пленарнага пасяджэння, якое адбудзецца ў 10 гадзін 6 лістапада ў чытальнай зале галоўнага корпуса нашай вну (Гомель, вул. Савецкая, 104, 2 паверх).
Подробнее: VІ Міжнародная навуковая канферэнцыя "Скарына i наш час"
Прэзентацыя калектыўнай манаграфіі
- Подробности
- Просмотров: 1120
Даследаванне матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларускага народа мае ў наш час асаблівае значэнне. Зварот да народнай культуры вельмі важны для гуманізацыі грамадства, яго духоўнага развіцця, адраджэння многіх страчаных ім эстэтычных ідэалаў, мае значэнне і для патрыятычнага выхавання моладзі, паколькі павышае яе цікавасць да гісторыі роднага краю, фарміруе павагу і пашану да традыцыйнай культуры, павышае ўзровень нацыянальнай свядомасці.
Усходняе Палессе, на тэпыторыі якога мы пражываем, – унікальны рэгіён са своеасаблівай гісторыяй, культурнымі і моўнымі адметнасцямі, які адыграў істотную ролю ў фарміраванні беларускага этнасу, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Культурная прастора Усходняга Палесся, якая мае глыбокія гістарычныя карані, захоўвае шматлікія рэліктавыя з’явы агульнаславянскай і ўсходнеславянскай культуры. На гэтай тэрыторыі найбольш поўна ў розных формах праяўлення – абрадах, звычаях, рытуалах, міфах, паданнях, паэтычнай творчасці, лексіцы – захаваліся архаічныя элементы традыцыйнай народнай культуры, якія даказваюць генетычнае адзінства ўсходнеславянскіх народаў.
Народная мова лічыцца адным з важнейшых састаўных кампанентаў духоўнай культуры. Адной з самых цікавых і пакуль што недастаткова даследаваных у беларускім мовазнаўстве тэматычных груп народна-дыялектнай мовы з’яўляецца абрадавая лексіка, якая называе самыя значныя падзеі ў жыцці чалавека, з’яўляецца вербальным кодам разнастайных рытуальных актаў і дзеянняў.
Выкладчыкі кафедры беларускай мовы ўжо даўно і плённа займаюцца вывучэннем розных тэматычных пластоў народна-дыялектнай лексікі Гомельшчыны. Імі былі апублікаваны калектыўныя манаграфіі “Назвы адзення, абутку і галаўных убораў у гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз”, “Лексіка народнай гаспадаркі ў гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся”. І вось выйшла чарговая манаграфія “Абрадавая лексіка ў гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз” (А.А. Станкевіч, К.Л. Хазанава, А.М. Воінава. – Гомель, 2015. – 269 с.), прэзентацыя якой адбылася ў студэнцкай аўдыторыі 16 чэрвеня. Студэнты з цікавасцю слухалі выступленні выкладчыкаў-аўтараў манаграфіі і выказалі жаданне больш падрабязна пазнаёміцца з кнігай.