“Мова мая, я з табою ў жыцці шчасце маю…”

Шчасце – у кожнай тваёй перамозе,

Шчасце – адолець і холад, і град,

Шчасце – нідзе не спыняцца ў дарозе…

С. Грахоўскі

 

30 красавіка адзначае юбілей доктар філалагічных навук прафесар кафедры беларускай мовы Вольга Аляксееўна Ляшчынская.

Нарадзілася Вольга Аляксееўна ў вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Гэты прыгожы край, зямля славутага Адама Міцкевіча нараджае таленавітых людзей, назаўсёды адданых родным вытокам, роднай мове, роднаму слову. У 1963 годзе яна паступіла на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, у 1968 годзе – у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, якую закончыла з прадстаўленнем дысертацыі да абароны. Працоўную дзейнасць пачала ў 1971 годзе і прайшла шлях ад выкладчыка кафедры беларускай і рускай моў да прафесара кафедры беларускай мовы.

Вольга Аляксееўна – высокакваліфікаваны даследчык, які актыўна займаецца навуковай і метадычнай работай. Яна аўтар больш за 300 навуковых і метадычных прац, звязаных з пытаннямі лексікалогіі і фразеалогіі сучаснай беларускай мовы, стылістыкі і культуры маўлення, лексікаграфіі, тэрміназнаўства, анамастыкі, лінгвадыдактыкі, лінгвакультуралогіі, у тым ліку манаграфій “Метафара ў паэзіі Янкі Купалы”, “Слова ў паэзіі Янкі Купалы”, “Фразеалагічныя адзінкі ў мове Янкі Купалы”, “Фразеалагічная эмацыянальная канцэптасфера беларусаў”, “Базавыя канцэпты фразеалагічнай карціны свету беларусаў”; зборніка артыкулаў “Выбраныя працы па методыцы выкладання беларускай мовы”; вучэбных дапаможнікаў “Педагагічная практыка студэнтаў-філолагаў” (у суаўтарстве), “Практыкаванні па лексіцы і стылістыцы” (у суаўтарстве), “Асновы культуры маўлення і стылістыкі беларускай мовы” (у суаўтарстве), “Методыка выкладання беларускай мовы: Задачы і практыкаванні”, “Беларуская мова: Тэрміналагічная лексіка”, “Студэнту аб мове: Прафесійная лексіка”, “Сучасная беларуская мова. Арфаграфія і пунктуацыя. Этналінгвістычныя тэксты”, “Методыка выкладання беларускай мовы” (у суаўтарстве), “Методыка выкладання беларускай мовы. Маўленне”, “Уласныя імёны ў тэрмінах і фразеалагізмах” (у суаўтарстве), “Анамастыка, тэрміналогія і фразеалогія” (у суаўтарстве), “Сучасная беларуская мова: фразеалогія”, “Арфаграфія і пунктуацыя сучаснай беларускай мовы” (у суаўтарстве), “Методыка выкладання беларускай мовы: Заданні і практыкаванні” (у суаўтарстве) ; “Слоўніка параўнанняў у мове Янкі Купалы”, “Слоўніка фразеалагізмаў мовы твораў Янкі Купалы” (у суаўтарстве), “Англа-беларускага слоўніка саматычных фразеалагізмаў = Беларуска-англійскага слоўніка саматычных фразеалагізмаў”, “Слоўніка мовы Янкі Купалы” (у суаўтарстве); шматлікіх артыкулаў, апублікаваных не толькі ў рэспубліканскіх навуковых зборніках і часопісах, але і ў разнастайных замежных выданнях і інш.

Сваім прыкладам працаздольнасці, адказнасці за справу, сапраўднай апантанасцю Вольга Аляксееўна натхняе ўсіх нас на актыўную працу, удзел у справах кафедры, факультэта, універсітэта. Амаль усе члены кафедры – яе вучні. Для нас яна Настаўнік з вялікай літары. Вольга Аляксееўна і нам, сваім выхаванцам, дарыла і дорыць гэтую апантанасць, творчае гарэнне, імкненне да дасканаласці. Сотні выпускнікоў філалагічнага факультэта ўдзячныя ёй за ўменне знайсці спагадлівае слова, за падтрымку і шчырую дапамогу ў навуковым пошуку. Яна нястомна кіруе навуковай працай студэнтаў, аспірантаў. Штогод даследаванні, прапанаваныя на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, адзначаюцца дыпломамі. Пад кіраўніцтвам прафесара В.А. Ляшчынскай абаронены тры кандыдацкія дысертацыі. Яна вучыла і вучыць сваіх выхаванцаў адчуваць слова – жывое, прыгожае, рознакаляровае, адкрываць таямніцы роднай мовы, бо ведае, што без гэтага няма сапраўднага філолага. З якой нецярплівасцю чакаюць сустрэч з Вольгай Аляксееўнай настаўнікі горада і вобласці! Яна выступае з лекцыямі па актуальных пытаннях методыкі выкладання беларускай мовы, праводзіць аўтарскія семінары ў інстытутах перападрыхтоўкі кадраў, рыхтуе адораных вучняў старэйшых класаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах. Вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі навуковец і метадыст, Вольга Аляксееўна заваявала вялікі аўтарытэт глыбінёй ведаў і ўменнем, жаданнем падзяліцца імі, неабыякавасцю да праблем іншых, добразычлівасцю, мудрасцю, чалавечнасцю.

Шмат увагі і часу яна аддае рэцэнзаванню вучэбна-метадычных дапаможнікаў, рукапісаў падручнікаў, дысертацыйных даследаванняў. В.А. Ляшчынская выступае афіцыйным апанентам на абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, з’яўляецца членам Савета па абароне дысертацый Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

За сваю плённую навукова-педагагічную дзейнасць прафесар В.А. Ляшчынская неаднаразова ўзнагароджана Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, знакам “Выдатнік адукацыі”. Ёсць і яшчэ дзве важныя ўзнагароды для педагога – павага калег-выкладчыкаў і ўдзячнасць вучняў. Адказны і вельмі патрабавальны да сябе чалавек, Вольга Аляксееўна заўсёды ў працы, у творчым пошуку. Шукаць і знаходзіць, каб перадаць свой вопыт калегам, аспірантам і студэнтам, – жыццёвае крэда прафесара В.А. Ляшчынскай.

Гэта жанчына з вялікім сэрцам, якое заўсёды аддавала бацькам, дзецям і ўнукам, усім, з кім быць наканавана лёсам. Яна чулая і пяшчотная маці і бабуля, выключная гаспадыня. А яшчэ Вольга Аляксееўна вельмі любіць чытаць мастацкую літаратуру, слухаць сучасных спевакоў, беларускае радыё, наведваць тэатры. Любіць кветкі, чысціню і парадак, любіць гатаваць і прымаць гасцей. 

Кожнае слова Вольгі Аляксееўны ззяе-пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. Гэта – ад нястомнай і рупнай натуры, ад пошукаў удалага афарызма, фразеалагізма, трапнага паэтычнага радка, ад унутранага багацця, урэшце, ад узнёслай душы, якая так чуйна ўспрымае свет. “Мова мая, я з табою ў жыцці шчасце маю…”

Мы жадаем ёй многа шчасця, моцнага здароўя, плёну і здзяйсненняў на ніве беларускай навукі, усяго самага светлага і радаснага ў жыцці.

 

Калектыў кафедры беларускай мовы



“Дзень адчыненых дзвярэй” - 2016

26 сакавіка 2016 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічала каля 20 вучняў са школ г. Гомеля (СШ № 13, 22, 24, 38) і вобласці (Чачэрск, Лоеў, Рэчыца), некаторыя вучні прыехалі з бацькамі. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта У.А. Бобрык, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце А.М. Палуян, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў.

Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта.  Вучняў правялі па ўсіх кафедрах, пазнаёмілі са складам выкладчыкаў. Затым вучні наведалі музеі факультэта і выслухалі цікавую і змястоўную інфармацыю.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры прафесар І. Ф. Штэйнер правёў экскурсію вучняў у музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.

Подробнее: “Дзень адчыненых дзвярэй” - 2016

Выніковая канферэнцыя па педагагічнай практыцы - 2016


25 сакавіка 2016 года на філалагічным факультэце ў студэнтаў  4 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” адбылася выніковая канферэнцыя па педагагічнай практыцы. Практыка праходзіла ў васьмі школах горада, чатыры з якіх з’яўляюцца гімназіямі. Прадстаўнікі ад кожнай групы студэнтаў выказалі задавальненне базай практыкі, падзяліліся сваімі цяжкасцямі і радасцямі ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў і напісання псіхолага-педагагічнай характарыстыкі на вучня, шкадавалі, што практыка толькі месяц. У ходзе практыкі амаль усе студэнты  ўпэўніліся ў правільным выбары сваёй будучай прафесіі і выказалі сваю любоў да дзяцей і жаданне працаваць у школе. Факультэцкі кіраўнік практыкі З.У. Шведава падвяла вынікі, падзякавала ўсім за добрую працу і агучыла ацэнкі, сярод якіх пераважае адзнака ў 9 балаў. Прыемна, што выступленні студэнтаў суправаджаліся відэаматэрыялам. Цудоўныя прэзентацыі, відэа і фотаздымкі падрыхтавалі групы студэнтаў, якія праходзілі педагагічную практыку ў сярэдняй школе №57 г. Гомеля пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры беларускай мовы Л.П. Дземідзенка, у СШ № 22 – пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры беларускай літаратуры дац. А.В. Брадзіхінай, у гімназіі № 10 – пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры беларускай мовы дац. Н.П. Цімашэнка, у гімназіі № 14 – пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры беларускай літаратуры А.М. Сіразтдзінавай, у гімназіі № 36 імя І. Мележа – пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры беларускай літаратуры дац. В.І. Яцухна, у гімназіі № 56 – пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры беларускай мовы дац. Л.М. Мінаковай.

Подробнее: Выніковая канферэнцыя па педагагічнай практыцы - 2016

“Свабодны выбар” - 2016

19 сакавіка2016 г. на базе ДУА “Гімназія №10 г. Гомеля” праходзіла 12-я гарадская канферэнцыя вучэбна-даследчых работ вучняў “Свабодны выбар”. Для ўдзелу ў канферэнцыі папярэдне былі адабраны лепшыя вучэбна-даследчыя работы вучняў горада Гомеля і Гомельскай вобласці выкладчыкамі розных факультэтаў, у тым ліку і філалагічнага. На гэты раз канферэнцыя перарасла ўзровень гарадской і магла б па праву называцца міжнароднай, паколькі ў ёй бралі ўдзел вучні старэйшых класаў адной са школ г. Чарнігава (Україна). Выкладчыкі філалагічнага факультэта працавалі ў складзе экспертнай камісіі трох секцый канферэнцыі: секцыя “Спадчына” – д.ф.н., праф. В.А. Ляшчынская, к.ф.н., дац. З.У. Шведава, секцыя “Родная старонка” – к.ф.н., дац. С.А. Вяргеенка, к.ф.н., дац. А.А. Кастрыца, секцыя “Искусство слова” – к.ф.н., дац. Т.М. Багаедава, к.ф.н., дац. Н.У. Суслава. Прэзентацыя многіх работ уразіла неардынарнасцю прадстаўлення і крэатыўнасцю мыслення.

Подробнее: “Свабодны выбар” - 2016

Фотавыстава Ежы Маеўскага “Як фенікс з попелу”



4 лютага бягучага года ў Гомельскім абласным музеі адбылося адкрыццё фотавыставы варшаўскага фатографа і журналіста Ежы Маеўскага “Як фенікс з попелу”. Паколькі аўтарскія правы выставы выкуплены аддзяленнем пасольства Рэспублікі Польшча – Польскім Інстытутам у Мінску, – падобныя мерапрыемствы адбыліся ў некалькіх гарадах рэспублікі. Адкрываючы выставу ў Гомелі, аўтар здымкаў пазнаёміў гасцей з выявамі даваеннай Варшавы, паказаў гістарычныя фота разбуранай немцамі сталіцы і адноўленага пасля вайны галоўнага горада Польшчы. На сустрэчы прысутнічалі, у асноўным, выкладчыкі розных кафедр ГДУ імя Ф. Скарыны: А.Д. Лебедзеў, Н.А. Сіротка, Р.У. Серыкаў са сваімі студэнтамі.  

Подробнее: Фотавыстава Ежы Маеўскага “Як фенікс з попелу”

2011 Навiны. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates