“Дзень адчыненых дзвярэй”-2019

23 сакавіка 2019 года ў нашым універсітэце праводзіўся “Дзень адчыненых дзвярэй”. Перад пачаткам сустрэчы былі арганізаваны студэнцкія інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх кожны факультэт прадстаўляў сябе. Філалагічны факультэт прадстаўлялі студэнты 1-2 курса – Шарнікава Анастасія і Заўтрыкава Паліна (РФ-31), Пархоменка Яўген (БФ-21), апранутыя ў беларускія і кітайскія народныя касцюмы, якія зацікавілі абітурыентаў правядзеннем інтэрактыўнай віктарыны з прызамі і магчымасцю авалодаць стараславянскім пісьмом.

У рамках універсітэцкай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічалі навучэнцы з розных школ, гімназій і каледжаў Гомеля і вобласці і нават суседніх абласцей: ДУА “Сярэдняя школа №17 г. Гомеля імя Франсіска дэ Міранды”, ДУА “Сярэдняя школа №44 г. Гомеля імя М.А. Лебедзева”, ДУА “Сярэдняя школа №30 г. Бабруйска”, ДУА “Гімназія №3 г. Бабруйска”, ДУА “Маркавіцкі дзяцячы сад – сярэдняя школа”, УА “Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж”, УА “Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С. Выгоцкага”, некаторыя вучні прыехалі з бацькамі і настаўнікамі. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэс навучання ў цэлым, размеркаванне і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта А.М. Палуян, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце А.А. Кастрыца, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў. Цікавую і змястоўную прэзентацыю факультэта падрыхтавала і прадэманстравала ініцыятыўная група студэнтаў у складзе Мельнікавай Аліны (РФ-41) і Малашкова Мікіты (РФ-31).

Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта.  Вучняў правялі па кабінетах і музеях факультэта, дзе яны пазнаёміліся з цікавымі звесткамі аб жыцці і дзейнасці факультэта.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры, д.ф.н. прафесар І. Ф. Штэйнер правёў экскурсію вучням у музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.

Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі. Чакаем Вас!

 

2011 “Дзень адчыненых дзвярэй”-2019. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates