Не згасае святло Скарынавых iдэй

14 лістапада 2014 года кафедра беларускай мовы ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” і Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф. Скарыны правялі Міжнародную навуковую канферэнцыю “Святло Скарынавых ідэй”. Сустрэча навукоўцаў Беларусі, Расіі і Украіны была прысвечана прысвечаную 90-годдзю з дня нараджэння прафесара доктара філалагічных навук Уладзіміра Васільевіча Анічэнкі (1924-2001).

Вядомы гісторык славянскіх моў, Уладзімір Васільевіч Анічэнка шмат гадоў прысвяціў даследаванню мовы выданняў Ф. Скарыны. Яго называюць заснавальнікам беларускай Скарыніяны. Аб грунтоўнасці навуковага даследавання Уладзімірам Васільевічам мовы выданняў Ф. Скарыны сведчыць ужо толькі складзены У.В. Анічэнкам “Слоўнік мовы Ф. Скарыны”.

Уладзімір Васільевіч быў ініцыятарам і натхняльнікам надання нашай вну імя знакамітага палачаніна ў 1988 г., заснавання ў 1993 г. у ГДУ музея-лабараторыі Францыска Скарыны і правядзення Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Скарына і наш час”.

З гэтага часу наш універсітэт стаў цэнтрам збору і вывучэння скарыназнаўчых матэрыялаў.

Насычанае падзеямі жыццё У.В. Анічэнкі адлюстравала лёс народа: біяграфія Уладзіміра Васільевіча з лёгкасцю можа стаць асновай грунтоўнага рамана-эпапеі. Нарадзіўся Уладзімір Васільевіч Анічэнка 20 ліпеня1924 г. у сялянскай сям’і ў в. Янаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Улетку1941 г., напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, юнак толькі закончыў школу. Пасля прыходу ў вёску акупантаў ён быў адпраўлены ў канцлагер, а потым вывезены на работы на шахце ў Чэшскія Судэты. Не змірыўшыся з катаржнай працай, малады чалавек здолеў уцячы і трапіў у чэшскі партызанскі атрад, дзе змагаўся з фашыстамі да канца вайны. Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Васільевіч узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені і медалём “Чэхаславацкі партызан”. У. В. Анічэнка – Ганаровы грамадзянін горада Чэске-Будэёвіцэ (Чэхія).

Пасол Чэхаславакіі ўручае Анічэнку У.В. урадавую ўзнагароду.

 

Пасля вайны была праца ў СМІ. Заканчэнне з адзнакай філалагічнага факультэта БДУ і навуковыя здольнасці спрыялі паступленню ў аспірантуру Інстытута  мовазнаўства АН БССР.

У1955 г. У. В. Анічэнка датэрмінова абараніў кандыдацкую, а ў 1970 г. – доктарскую дысертацыі.

З1970 г. жыццё і навуковая дзейнасць Уладзіміра Васільевіча непарыўна звязана з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам. Даследчык  працаваў загадчыкам кафедры рускай і беларускай моў, а затым – кафедры беларускай мовы, з1991 г. па2001 г. – прафесарам кафедры беларускай мовы і загадчыкам лінгвістычнай лабараторыі.

Цікавасць да роднай мовы, яе гісторыі і ўзаемадзеяння з іншымі мовамі абумовілі накірункі лінгвістычных даследаванняў прафесара: гісторыя мовы, параўнальнае мовазнаўства, рэгіянальная лексікалогія і лексікаграфія, культура маўлення і стылістыкі.

Асобае месца ў дзейнасці У.В. Анічэнкі заняла падрыхтоўка “Слоўніка мовы Янкі Купалы” (1997 – 2012 гг.), праца над 8 тамамі якога вялася пад кіраўніцтвам прафесара прафесарска-выкладчыцкім саставам кафедры беларускай мовы і супрацоўнікамі лінгвістычнай лабараторыі ГДУ яшчэ з далёкага 1975 г.

У1976 г. Уладзіміру Васільевічу было прысвоена званне Заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР. У1988 г. У.В. Анічэнка ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. За навуковую і грамадскую дзейнасць У. В. Анічэнка адзначаны медалём “За працоўную доблесць” і медалём Францыска Скарыны. У апошнія гады жыцця У.В. Анічэнка займаўся падрыхтоўкай неапублікаванага, на жаль, “Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка”. За падрыхтоўку слоўніка, уклад у развіццё Скарыніяны і ў сувязі з 75-годдзем У.В. Анічэнка адзначаны праваслаўнай царквой “Крыжом Сергія Раданежскага”.

Творчай і навуковай энергіі У. В. Анічэнкі хапала на правядзенне рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый, падрыхтоўку зборнікаў навуковых артыкулаў “Беларуская мова і мовазнаўства” (пазней “Беларуская мова”), стварэнне пры кафедры беларускай мовы аспірантуры па спецыяльнасці 10.02.01 “Беларуская мова” і Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый К.02.12.03.

За 30 гадоў навукова-педагагічнай дзейнасці ў ГДУ доктар філалагічных навук прафесар У.А. Анічэнка стварыў грунтоўную школу вучоных – кваліфікаваных спецыялістаў у галіне беларускага мовазнаўства. Аспіранты У.В. Анічэнкі абаранілі 25 кандыдацкіх (А.А. Станкевіч, А.І. Лашкевіч, А.А. Парукаў, І.М. Акулаў, Р.М. Казлова, А.К. Малюк, Т.П. Уласава, У.Д. Еўтухоў, Л.І. Злобін, Д.Д. Паўлавец, Т.М. Шур, Р.Й. Дайлідэнас, У.А. Бобрык, А.У. Солахаў, А.М. Краснова, Л.П. Кузьміч, У.Д. Кніга, Л.Л.  Плыгаўка, Т.М. Казачэнка, С.М. Струкава, Н.А. Багамольнікава, Р.У. Серыкаў, В.А. Скачкова, К.Л. Хазанава, С.В. Чайкова) і 1 доктарскую (А.А. Станкевіч) дысертацыі.

У.В. Анічэнка – чалавек-эпоха, асоба, жыццё якой напоўнена падзеямі як трагічнымі, змрочнымі, так і светлымі, шчаслівымі. Постаць выдатная і неадназначная. Жорсткі і патрабавальны кіраўнік, строгі і прынцыповы загадчык, “максімаліст” унутры кафедры – і “родны бацька” для ўсіх нас, які абароніць і падтрымае за межамі кафедры.

Выключна энергічны, актыўны, дзейны, таленавіты арганізатар, аптымістычны і жыццярадасны чалавек, ён пражыў жыццё змястоўнае, цікавае, насычанае падзеямі і здарэннямі, напоўненае пошукамі і знаходкамі. Лепшае пацверджанне гэтаму – яго справы, якія ён нам перадаў: калектыў створанай ім кафедры беларускай мовы, якая па праву лічыцца адной з самых моцных па навуковаму патэнцыялу ва ўніверсітэце, а таксама моцная кагорта вучоных – яго вучняў. І, безумоўна, грунтоўныя навуковыя выданні.

Зразумела таму, што асноўныя накірункі работы канферэнцыі “Святло Скарынавых ідэй” краналі перш за ўсё эпоху і справы Ф. Скарыны і ролю прафесара У. В. Анічэнкі ў развіцці беларускай лінгвістыкі.

Распачаў работу навуковага форуму першы прарэктар установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” к.фіз.-мат.н. дацэнт Сяргей Анатольевіч Хахомаў, які прывітаў удзельнікаў мерапрыемства ад імя рэктарата і пажадаў навукоўцам плённай працы.

 

Падчас адкрыцця канферэнцыі адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільных выданняў кніжнай спадчыны Францыска Скарыны ў дар Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны, у якой прыняў удзел намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (Мінск), кандыдат культуралогіі Алесь Суша. Яго даклад быў прысвечаны вяртанню спадчыны Ф. Скарыны. Таксама выступоўца нагадаў, што зараз вядуцца перамовы з ЮНЕСКО аб наданні ў 2017 годзе на  425-годдзе з дня нараджэння Францыска Скарыны аднаму з гарадоў Беларусі ганаровага званне кніжнай сталіцы Еўропы.

 

Цікавасць выклікала і іншыя выступленні на пленарным пасяджэнні. Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч, д.ф.н прафесар кафедры беларускай мовы нашага ўніверсітэта, першая аспірантка прафесара У. В. Анічэнкі, нагадала аб асноўных перыядах жыцця і навуковай дзейнасці Уладзіміра Васільевіча.

Вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі к.ф.н Вячаслаў Канстанцінавіч Шчэрбін паведаміў пра дасягненні У. В. Анічэнкі як лексікографа.

 Нашу вну на пленарным пасяджэнні прадставіла таксама Вольга Аляксееўна Ляшчынская.

Ад Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна” ўдзельнікаў канферэнцыі вітаў загадчык кафедры беларускага мовазнаўства д.ф.н. прафесар Васіль Васільевіч Шур.


Расійскіх вучоных на адкрыцці прадставіла Святлана Мікалаеўна Старадубец, д.ф.н прафесар кафедры сацыяльна-эканамічных і гуманітарных дысцыплін філіяла Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акад. І.Г. Пятроўскага ў г. Навазыбкаў.

Вітальнае слова з Украіны ўзяла дацэнт кафедры ўсеагульных дысцыплін і ўкраіназнаўства Чарнігаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Людміла Васільеўна Зіневіч, якая падаравала ўніверсітэта знакаміты зборніка “Кабзар” Тараса Шаўчэнкі.

Абмеркаваныя на канферэнцыі пытанні ахоплівалі накірункі навуковых даследаванняў У. В. Анічэнкі: народныя абрады і мова фальклору, гісторыя мовы і дыялекталогія, лексікалогія і фразеалогія, стылістыка і сацыялінгвістыка, міжмоўная камунікацыя і моўныя кантакты, літаратуразнаўства. У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны, многія з якіх былі вучнямі прафесара У. В. Анічэнкі або ведалі яго і яго навуковыя працы. Госці канферэнцыі з Расіі, Украіны, іншых навуковых устаноў наша краіны былі ўражаны добразычлівай і гасціннай атмасферай, традыцыйна характэрнай для навуковых мерапрыемстваў ГДУ, а таксама захапіліся прыгажосцю наведанага ўдзельнікам гомельскага Палацава-паркавага ансамбля Румянава-Паскевіча.

Асобае значэнне мае ўдзел у навуковым форуме маладых даследчыкаў, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў, якія плённа працягваюць традыцыі асветы і навукі, закладзеныя Францыскам Скарынам і падхопленыя Уладзімірам Васільевічам Анічэнкам. Гэта натхняе на тое, што іх духоўная спадчына не знікне, і агеньчык добрай, светлай памяці аб іх будзе не згасаць у будучых навуковых дасягненнях.














                                         

 А.А. Станкевіч, К.Л. Хазанава

          

 

2011 Не згасае святло Скарынавых iдэй. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates