“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”

29 кастрычніка ў Музеі аўтографа цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна студэнты філалагічнага факультэта ўдзельнічалі ў адкрыцці планшэтнай выставы “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…” з фондаў установы “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа”.

3 лістапада 2024 года спаўняецца 142 гады з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Для большасці з нас Якуб Колас – вядомы пісьменнік і паэт, таленавіты вучоны і выдатны педагог. Але Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч праявіў сябе і як грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Гэты бок яго дзейнасці раскрывае выстава “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”.

Студэнтаў-філолагаў пазнаёмілі з фотаматэрыяламі і дакументамі з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, звязанымі з дзейнасцю Якуба Коласа як дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР.

Дапоўніла планшэтную выставу кніжная выстава “Рэтраспектыва выдання твораў Якуба Коласа”, на якой былі прадстаўлены кнігі ад рэдкіх выданняў да сучасных кніг беларускіх выдавецтваў.

Наведвальнікаў пазнаёмілі са шматлікімі рэдкімі выданнямі з фонду Музея аўтографа, напрыклад, з паэмай “Новая зямля” Якуба Коласа – выданнем Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, надрукаванай ў Гомелі ў 1934 годзе ў адзінай на той час друкарні.

Студэнты таксама даведаліся, што ў Музеі аўтографа ёсць аўтограф брата Якуба Коласа Юзіка Міцкевіча (Шаляніцы), які ён пакінуў на добры ўспамін на сустрэчы з чытачамі ў 1968 годзе.

2011 “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates