Конкурс рытарычнага майстэрства
23 снежня 2017 года на базе ДУА “Гімназія № 36 г.Гомеля імя І.Мележа” прайшоў чарговы абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” сярод вучняў 9 - 11 класаў школ, гімназій і ліцэяў г. Гомеля і Гомельскай вобласці, які сабраў тых людзей, хто па-сапраўднаму любіць беларускую мову і імкнецца данесці яе прыгажосць і мілагучнасць.
У якасці членаў журы былі запрошаны выкладчыкі філалагічнага факультэта: дацэнты Паплаўная Л.В., Кастрыца А.А., Вяргеенка С.А., асістэнты Панкова Н.М., Бажок І.
У гэтым годзе конкурс праходзіў у тры этапы. На першым этапе ўдзельнікі конкурсу прадстаўлялі мультымедыйнае эсэ, падрыхтаванае адпаведна з раней аб’яўленай тэмай (для кожнай паралелі тэма была асобная), якое суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй падчас выступлення. Другі этап заключаўся ў вусным выказванні на адну з двух прапанаваных тэм, якую кожны вучань выцягваў асабіста. На падрыхтоўку давалася 20 хвілін. Лепшыя вучні, якія сталі пераможцамі па выніках першых двух этапаў, прымалі ўдзел у трэцім этапе конкурсу, які заключаўся ў вусным выказванні на абраную тэму без папярэдняй падрыхтоўкі.
Вынікі конкурсу паказалі, што многія вучні добра валодаюць нормамі беларускай літаратурнай мовы, умеюць падбіраць ілюстрацыйны і фактычны матэрыял па тэме выказвання, складаць тэкст выступлення. Кожны з вучняў арыгінальна падышоў да раскрыцця тэмы, упэўнена трымаўся перад журы і аўдыторыяй. Адчувалася вялікая праца настаўнікаў-прадметнікаў, якія аказвалі дапамогу ў падрыхтоўцы мультымедыйнага эсэ на вызначаную тэму. Крыху горш было з выказваннем на прапанаваную тэму ва ўмовах аўдыторыі. Вучні не заўсёды правільна разумелі тэму вуснага выказвання ў выглядзе цытаты з твораў беларускіх мастакоў слова, дапускалі памылкі ў маўленні. Але ў цэлым конкурс прадэманстраваў шчырую любоў вучняў да беларускай мовы, сапраўднае майстэрства ў свабодным валоданні роднай мовай.
Паплаўная Л.В., дацэнт кафедры беларускай мовы