Шчыра запрашаем
27 лютага 2021 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Універсітэцкія суботы” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічалі вучні 10-11 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 39 г. Гомеля”. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта А.М Палуян і намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў.
Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта. Вучняў правялі па кафедрах і кабінетах факультэта, пазнаёмілі са складам выкладчыкаў. Затым вучні наведалі музей “Alma-mater” і выслухалі цікавую і змястоўную інфармацыю загадчыка кафедры беларускай літаратуры, д.ф.н. прафесара І. Ф. Штэйнера, які правёў экскурсію вучняў у музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта і ўніверсітэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.
Цікавую прэзентацыю факультэта і віктарыну падрыхтавала ініцыятыўная група студэнтаў у складзе Дземідовіч Веранікі, студэнткі БФ-31, і Пархоменка Яўгенія, студэнта БФ-41.
Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі.