Універсітэцкія суботы-2017
11 лістапада 2017 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Універсітэцкія суботы” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з вучнямі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічала каля 35 вучняў са школ: ДУА “Гімназія № 10 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 67 г. Гомеля”, ДУА “Гімназія г. Калінкавічы”, ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Калінкавічы”, а такасама іх настаўнікі. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, платы за навучанне, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта А.М. Палуян, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце В.М. Мельнікава, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Воінава А.М., намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў.
Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта. Вучняў правялі па ўсіх кафедрах, пазнаёмілі са складам выкладчыкаў. Затым вучні наведалі музеі факультэта і выслухалі цікавую і змястоўную інфармацыю.
Асабліва іх уразіў музей “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.
Зацікавіў вучняў і літаратурна-асветніцкі цэнтр памяці аб Вялікай Айчыннай вайне “Патрыётыка”, дзе збіраецца і захоўваецца памяць пра герояў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі Гомельскай вобласці, а таксама магчымасць стаць збіральнікам і аўтарам успамінаў сваіх блізкіх аб падзеях мінулай вайны.
Уразіла вучняў і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне нашых лепшых кабінетаў – Скарынаўскага, Канфуцыя, польскай мовы, іўрыта, русістыкі.
Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі. Чакаем Вас!