Да прафесійнага свята!
Традыцыйна ў першую нядзелю кастрычніка ў нашай краіне адзначаюць сваё прафесійнае свята прадстаўнікі сферы адукацыі. Мы ўсе праходзім свае ўніверсітэты, і на жыццёвым шляху кожнага сустракаюцца такія настаўнікі, якіх мы і клічам Настаўнікамі з вялікай літары, на якіх мы раўняемся, мудрыя парады якіх слухаем.
Усім выкладчыкам у гэта прафесійнае свята хочацца пажадаць у першую чаргу здароўя, бо менавіта гэты рэсурс можа апынуцца вычарпальным у настаўніка. Натхненне ж, энтузіязм, задавальненне ад працы - усе гэтыя рэсурсы ў сапраўдных настаўнікаў невычарпальныя. Жадаем празмернага цярпення, штодзённага натхнення, арыгінальных задумак у навучанні, шчырасці, пазітыўнага настрою, добрых студэнтаў. Хай праца ўзнагароджвае толькі каласальным задавальненнем!
Урачысты сход, прысвечаны Дню настаўніка, прайшоў 30 верасня ў Мінску ў Палацы Рэспублікі. У якасці запрошаных ад філалагічнага факультэта нашага ўніверсітэта былі д.ф.н. прафесар В.А. Ляшчынская, к.ф.н. дацэнты Л.В. Паплаўная і З.У. Шведава.
На ўрачыстым канцэрце, прысвечаным Дню настаўніка, прагучала віншаванне кіраўніка дзяржавы, якое зачытаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, адзначыўшы значнасць гэтага свята. Канцэрт нікога не пакінуў абыякавым. Усе гледачы атрымалі станоўчыя эмоцыі і зарадзіліся добрым настроем.
Лепшых прадстаўнікоў гэтай прафесіі, сярод якіх былі і тры лепшыя прадстаўнікі нашага ўніверсітэта – прафесар кафедры беларускай мовы В.А. Ляшчынская, прафесар кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Г.І. Нарскін і дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі В.М. Капшай, віншаваў і ўручаў узнагароды прэм’ер-міністр нашай краіны Раман Галоўчанка.
Вольга Аляксееўна Ляшчынская – сапраўдны Настаўнік з вялікай літары – заслужана ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”. У гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў, як беларуская навука займела верную і ўдзячную дачку, якая ўвесь гэты час клапатліва працавала ў імя сваёй маці, спрыяла развіццю і дабрабыту айчыннай філалогіі! Спецыяліст у галіне словаўтварэння, вядомы лексіколаг і майстар слоўнікавай справы, тэарэтык і практык беларускай фразеалогіі і фразеаграфіі, эксперт па пытаннях культуры мовы і стылістыкі, даследчык лінгвакультуралогіі і лінгвадыдактыкі – гэта не армія мовазнаўцаў, а грані навуковага таленту аднаго чалавека, грані, якімі ВольгаАляксееўна заззяла ў святле беларускай лінгвістыкі. Вольгу Аляксееўну добра ведаюць ва ўсёй Беларусі і за яе межамі як выдатнага метадыста, аўтара больш за 450 публікацый, з якіх толькі 8 манаграфій, шматлікія вучэбныя дапаможнікі і інш. Гэта абаяльная, элегантная жанчына, добрая і клапатлівая маці і бабуля, добразычлівы і цікавы выкладчык...
Ад усёй душы калектыў выкладчыкаў і студэнтаў філалагічнага факультэта віншуе Вольгу Аляксееўну з заслужанай узнагародай, ганарыцца яе дасягненнямі і жадае ёй моцнага здароўя, творчага натхнення і як мага больш светлага і радаснага ў жыцці!