ВНУ вачыма абітурыентаў
4 лістапада 2022 года ў час восеньскіх канікул на філалагічным факультэце было арганізавана мерапрыемства для школьнікаў “ВНУ вачыма абітурыентаў”. Вучні 8-11 класаў ДУА “Гімназія № 46 г.Гомеля імя Блеза Паскаля” і ДУА “Сярэдняя школа № 33 г.Гомеля” мелі магчымасць некалькі гадзін пабыць у ролі студэнтаў.
З вітальным словам выступілі дэкан факультэта А.М.Палуян і намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У.Шведава. Студэнтка 3 курса Якаўленка Карына пазнаёміла вучняў са спецыяльнасцямі, структурай, гісторыяй факультэта, вучэбным і пазавучэбным жыццём студэнтаў, пагуляла з імі ў шарады “Адгадай слова”.
Прафесар кафедры беларускай мовы, д.ф.н. прафесар В.А.Ляшчынская далучыла вучняў да чароўнага, цікавага і патаемнага свету фразеалагізмаў, прачытаўшы лекцыю на тему «Вывучаем фразеалагізмы – пазнаём свой народ і сябе, засвойваем культурную інфармацыю».
Пасля лекцыі студэнты групы БЗА-21 прапанавалі вучням гульню-квэст, прысвечануя 140-годдзю з дня нараджэння Я. Коласа. Школьнікі з інтарэсам выконвалі заданні, прысвечаныя біяграфіі Я.Коласа: запаўнялі крыжаванку, дапаўнялі словы, якіх не хапала ў самым першым вершы паэта, узнаўлялі цікавыя факты з асабістага жыцця і пісьменніцкай дзейнасці Я. Коласа, шукалі і злучалі радкі вершаў. Усё гэта адбывалася на такіх станцыях, як «Леснікова сядзіба», «У Палескай глушы», «Каля вытокаў», «Куфэрык цікаўнасцяў», «Рэдактар», «Візітная картка», звязаных з жыццём класіка беларускай літаратуры.
Дарагія школьнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі. Чакаем Вас!