Міжнародныя навуковыя чытаннi

15 жніўня 2008 года была прынята Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь №1171 “Аб зацвярджэнні плана мерапрыемстваў па ўвекавечанню памяці народнага пісьменніка Беларусі Навуменкі І.Я.”. Пастановай прадугледжана ажыццяўленне шэрагу важных мерапрыемстваў, сярод якіх выпуск паштовай маркі, заснаванне стыпендыі імя Івана Навуменкі для студэнтаў-філолагаў, прысваенне ягонага імя бібліятэкам, правядзенне навуковых канферэнцый. Выконваючы гэтую Пастанову, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны сумесна з гомельскім філіялам НАН Беларусі 25-26 верасня 2014 года праводзяць чарговыя Міжнародныя навуковыя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечаныя памяці народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка І.Я. Навуменкі. У канферэнцыіі прымаюць удзел дзеці народнага пісьменніка: В.І. Навуменка, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, Т.І. Навуменка, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры тэорыі музыкі Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, П.І. Навуменка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; аўтарытэтныя вучоныя з Расіі, Украіны, Польшчы, Чарнагорыі, Германіі (прафесар Ольдэнбургскага ўніверсітэта Гун-Брыт Колер дасканала валодае беларускай мовай і будзе рабіць даклад на пленарным паседжанні па-беларуску). На пленарных паседжаннях і ў трох секцыях будуць разгледжаны актуальныя праблемы спадчыны Івана Навуменкі, яе месца ў сучасным літаратурным працэсе, а таксама ўзаемадзеянне рэгіянальных і агульначалавечых пачаткаў у славянскіх літаратурах і перспектывы літаратуры класічнага тыпу ў эпоху глабалізацыі. У рамках канферэнцыі будзе праведзена чарговая прэзентацыя трэцяга і чацвёртага тамоў з запланаванага паводле згаданай Пастановы дзесяцітомнага збору твораў, якія будуць уручаны прадстаўнікам бібліятэк горада і вобласці.
Імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі вялікімі літарамі ўпісана ў гісторыю нацыянальнай літаратуры і культуры. Памяць пра ўдзельніка партызанскага руху і франтавіка, заслужанага дзеяча навукі, старшыні Вярхоўнага савета БССР (1985-1990), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалера пяці ордэнаў свята захоўваецца і на яго роднай зямлі (ён нарадзіўся ў мястэчку Васілевічы, любоў да якога, як і да ўсёй Гомельшчыны, пранёс праз усё жыццё). Правядзенне Міжнародных навуковых чытанняў “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах” будзе садзейнічаць актывізацыі духоўнага жыцця нашага рэгіёну і спрыяць росквіту нацыянальнай культуры.



2011 Міжнародныя навуковыя чытаннi. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates