СЫН ЗЯМЛІ НАВАГРУДСКАЙ
Горад Навагрудак, паводле археалагічных звестак, існуе з канца 10 стагоддзя, а першае летапіснае ўпамінанне пазначана 1252 годам пад назвай Навагародак, паводле іншых звестак – годам заснавання горада лічыцца 1116 год. Горад славуты як старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага, рэзідэнцыя князя Міндоўга, а з 1415 – рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага. У 1511 годзе горад атрымаў магдэбургскае права. Пазней ў розныя часы горад Навагрудак (мясцовыя жыхары называюць горад на свой лад – Навáградак) быў цэнтрам павета паслядоўна Слонімскай, Літоўскай, Гродзенскай, Мінскай губерній. Сёння горад Навагрудак – горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага раёна, які славуты сваімі людзьмі. І адным з іх з’яўляецца Аляксандр Мікалаевіч Булыка.
У сакавіку гэтага года – першым месяцы вясны, часе абуджэння прыроды – навуковая грамадскасць Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, усе супрацоўнікі філіяла “Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, навукоўцы з іншых навуковых і вышэйшых навучальных устаноў віншавалі з юбілеем знакамітага ўраджэнца Навагрудчыны, вядомага беларускага моваведа, прафесара, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998) Аляксандра Мікалаевіча Булыку, якому споўнілася 85 гадоў.
А. М. Булыка нарадзіўся ў сялянскай сям’і 18 сакавіка 1935 года ў вёсцы Селішча Навагрудскага раёна на Гродзеншчыне. Пасля заканчэння сямігодкі ў вёсцы Мольнічы Навагрудскага раёна пятнаццацігадовы юнак паступае вучыцца ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога ў 1954 годзе паступае і ў 1959 годзе заканчвае філалагічны факультэт (аддзяленне беларуская мова і літатаратура) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Затым малады спецыяліст некалькі гадоў працуе настаўнікам на Гродзеншчыне.
Але прага да ведаў, да адкрыцця новага, нязведанага прыводзіць у 1962 годзе А. М. Булыку ў Акадэмію навук Беларусі. І ўвесь далейшы жыццёвы і творчы шлях А. М. Булыкі назаўсёды звязаны з НАН Рэспублікі Беларусі, дзе з 1962 года ён спачатку вучыцца ў аспірантуры Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, а пасля заканчэння працуе ў гэтым жа Інстытуце. З 1984 года ён узначальвае аддзел беларуска-рускіх моўных сувязей, а з 1992 – загадвае аддзелам гісторыі беларускай мовы.
А. М. Булыка найбольш шырока вядомы як выдатны спецыяліст гісторыі беларускай мовы, у прыватнасці, арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы, гістарычнай лексікалогіі і марфалогіі беларускай мовы, лексічнага складу і запазычанняў ў беларускай мове 16-18 стагоддзяў і інш. Яго ведаюць як аўтара шэрага навуковых прац, сярод якіх назавём манаграфіі “Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы” (1970), “Даўнія запазычанні беларускай мовы” (1972), “Лексічныя запазычанні ў беларускай мове ХVІ – ХVІІІ стагоддзяў” (1980).
Гісторык мовы па прызванні, карпатлівы даследчык, А. М. Булыка з’яўляецца адным з сааўтараў такіх выдатных навуковых даследаванняў, як “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (1970), “Гістарычная марфалогія беларускай мовы” (1979), “Мова беларускай пісьменнасці ХV – ХVІІІ стагоддзяў” (1988), “Мова выданняў Францыска Скарыны” (1990), “Беларуская мова канца ХV – пачатку ХVІ стагоддзяў” (1990), “Скарына і яго эпоха” (1990).
Добра ведаюць А. М. Булыку і як лексікографа, вынікам працы якога стаў адзіны ў Беларусі “Слоўнік іншамоўных слоў” (1993), які выйшаў у 1999 годзе ў двух тамах і стаў першым ў беларускай лексікаграфічнай практыцы даведнікам па іншамоўнай лексіцы. А яшчэ гэта шэраг перакладных слоўнікаў – “Русско-белорусский словарь”, “Словарь русско-белорусский и Беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў” і інш. А. М. Булыка з’яўляецца навуковым рэдактарам і адным з сааўтараў шматтомнага “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, які мае доўгую гісторыю свайго стварэння і выдання.
Значны ўклад унёс А. М. Булыка і ў справу падрыхтоўкі маладых навуковых кадраў, з’яўляючыся навуковым кіраўніком аспірантаў і суіскальнікаў. Вось толькі дзве красамоўныя лічбы: толькі з 1990 па 2011 гг., паводле даведніка Д. В. Дзятко і С. У. Шахоўскай “Беларускае мовазнаўства: дысертацыі па беларускай мове, абароненыя ў Рэспубліцы Беларусь” (Мінск: БДПУ, 2011. – 400 с.), абаронена 18 дысертацый, падрыхтаваных пад яго непасрэдным кіраўніцтвам і прадстаўленых да абароны на суісканне ступені кандыдата філалагічных навук, і 2 дысертацыі, прадстаўленыя да абароны на суісканне ступені доктара філалагічных навук і падрыхтаваныя з важкім удзелам А. М. Булыкі як навуковага канстультанта. А колькі ўсяго падрыхтавана навукоўцаў, адрэцэнзавана і адрэдагавана навуковых прац гэтым нястомным працаўніком, колькі прачытана дысертацый, афіцыйным апанентам пры абароне якіх выступаў А. М. Былыка!
А яшчэ А. М. Былыка – бацька вядомай паэткі-хіміка Галіны Булыка і сам паэт (яго вершы неаднаразова друкаваліся), няўрымслівы чалавек, жартаўнік і насмешнік, каламбурыст і стваральнік вершаваных экспромтаў-жартаў (шкада, што гэты бок творчай натуры пакуль што не адлюстраваны ў друку, але маем надзею, што іх запісвалі калегі, супрацоўнікі, сябры і родныя).
І зараз, калі А. М. Булыку споўнілася 85 гадоў, ён нястомна працуе (дарэчы, даследчык паведаміў, што завяршыў падрыхтоўку рукапісу “Кароткага гістарычнага слоўніка беларускай мовы”), поўны творчых планаў.
Дык пажадаем Аляксандру Мікалаевічу Булыку моцнага здароўя, фізічнай сілы, доўгага веку і бадзёрасці для ажыццяўлення творчых планаў, якіх у яго хапае і якімі ён дзеліцца з супрацоўнікамі, весялосці, гумару ў яго далейшым жыцці. Многае лета Вам, дарагі Аляксандр Мікалаевіч!
Падрыхтавала прафесар кафедры беларускай мовы
Ляшчынская В. А.