Каб жыла культура продкаў


13 лютага ў бібліятэцы імя Якуба Коласа адбыўся вечар беларускага фальклору “Каб жыла культура продкаў”.

Госці вечара, загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” д.ф.н., прафесар В.С. Новак, к.ф.н., дацэнт А.А. Кастрыца і выпускніца магістратуры, стажор м.н.с. Г.П. Саўчанка, выступілі перад удзельнікамі фальклорнага гуртка “Спадчына” ліцэя чыгуначнага транспарту.

В.С. Новак прадставіла кнігі па фальклоры Гомельшчыны “Гаючае слова роднай зямлі”, “Славянская міфалогія Гомельшчыны”, “Варажба на Гомельшчыне”, складзеныя па матэрыялах фальклорных экспедыцый студэнтаў ГДУ. Вельмі цікавым быў аповед пра сустрэчы з носьбітамі традыцыйнай культуры.

З міфалагічнымі персанажамі, народнымі прыкметамі і павер’ямі пазнаёміла Г.П. Саўчанка.

А.А. Кастрыца правяла мультымедыйную прэзентацыю, расказала, як праходзіць фальклорная практыка і як праводзяцца палявыя даследаванні студэнтамі філалагічнага факультэта.

Сустрэча узбагаціла слухачоў ведамі па традыцыйнай культуры беларусаў і пакінула прыемныя ўражанні.

Подробнее: Каб жыла культура продкаў

Выхад новай книгі

 Шаноўныя сябры!

На кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі стала добрай традыцыяй распачатая пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры, доктара філалагічных навук, прафесара Валянціны Станіславаўны Новак работа па захаванні і папулярызацыі традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў. Кніга “Гаючае слова роднай зямлі (беларускія лекавыя замовы)”, якая ўбачыла свет у выдавецтве БАРК напрыканцы 2013 года, – лагічны працяг гэтай работы. У выданні сабраны лепшыя ўзоры замоўнай творчасці беларусаў, запісаныя студэнтамі філалагічнага факультэта, супрацоўнікамі кафедры падчас палявых экспедыцый, якія штогод ладзяцца ў межах вучэбнай праграмы, а таксама індывідуальных запісаў.

Замовы заўсёды прыцягвалі да сябе ўвагу людзей сваёй магічнасцю, здольнасцю пасродкам слова і дзеяння ўплываць на пэўныя бакі жыцця і дзейнасці чалавека. А колькі таямнічасці ў самім абрадзе лекавання: “…Звычайная сялянская хата. “Чырвоны кут” з абразамі, у якіх адбіваецца святло лампады… Сур’ёзны і ў той жа час вельмі добры Святы Лік глядзіць на кожнага, хто пераступае парог гэтай хаты… З чым прыйшоў гэты чалавек: з дабром або са злом, або з тым, што набалела на душы, або з тым, ад чаго баліць цела… Насупраць весела патрэсквае дровамі печ, з якой, толькі не даглядзі, выскачыць гарэзлівы вугалёчак, не ведаючы, да чаго можа прывесці яго гарэзлівасць… Прыцішанае фіранкамі святло ў пакоі… Ласкавы і трапяткі агеньчык грамнічнай свячы… Старэнькая бабулька ў простым, але чыстым адзенні з амаль няўлоўным выразам занепакоенасці на твары… Малады прыгожы хлопец, твар якога не пашкадавала хвароба… Адзін уважлівы позірк, і дакладны дыягназ – вогнік… Ласкавым, але ўпэўненым рухам бабуля садзіць перад сабою хлопца…”.

“Гаючае слова роднай зямлі (беларускія лекавыя замовы)” пазнаёміць зацікаўленага чытача з замовамі ад розных хвароб, а таксама некаторымі каментарыямі да іх, дадзенымі нашымі шаноўнымі інфарматарамі. З пажаданнямі добрага здароўя і дабрабыту аўтар-укладальнік Святлана Вяргеенка.

 


Народная духоўная культура Лагойшчыны

Бласлаўлёнай зямлі неўміручыя скарбы.

Народная духоўная культура Лагойшчыны

 

 
   У снежні 2013 года выйшла з друку кніга “Бласлаўлёнай зямлі неўміручыя скарбы. Народная духоўная культура Лагойшчыны”, падрыхтаваная ў выніку выканання навуковага праекта “Сучасны стан духоўнай культуры Лагойшчыны: гістарычныя падзеі, знакамітыя асобы, абрады, звычаі і песні”.

  Зямля Лагойшчыны вылучаецца адметнымі самабытнымі абрадамі і звычаямі, цудоўнымі песнямі, непаўторнымі прыкметамі і павер’ямі, прыказкамі і прымаўкамі, легендамі і паданнямі, якія ўвабралі спаконвечную народную мудрасць.

     Студэнты і выкладчыкі УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” ў праведзенай на тэрыторыі Лагойскага раёна экспедыцыі з вялікай адказнасцю далучыліся да высакароднай справы па зборы фальклорна-этнаграфічных з’яў, імкнучыся тым самым захаваць пераемнасць неўміручых традыцый духоўнай культуры.

      Выданне складаецца з трох кніг. Змест першай кнігі ўключае матэрыялы па гісторыі, канфесіях, тапаніміцы, асаблівасцях мясцовай гаворкі, ахарактарызавана Лагойшчына літаратурная, змешчаны звесткі пра жыццё і творчасць знакамітых людзей краю. Другая і трэцяя кнігі змяшчаюць архіўныя і экспедыцыйныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы з захаваннем асаблівасцей мясцовай гаворкі.

   Дадзенае выданне, безумоўна, знойдзе свайго ўдзячнага чытача, ўзбагаціць веды пра гістарычнае мінулае, сучасны стан традыцыйнай культуры Лагойшчыны, будзе карысным дапаможнікам для настаўнікаў і навучэнцаў і цудоўным падарункам для ўсіх тых, хто праяўляе цікавасць да сваёй малой радзімы.


2011 Навіны кафедры. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates